Транспартны калапс у Менску
52- 15.05.2013, 10:13
Пасля выходных Менск стаіць у заторах, многія спазніліся на працу.
Найбольш крытычныя заторы - у цэнтры Менска, на праспекце Незалежнасці. Гэта звязана не толькі з прытокам машын пасля святаў, але і з рамонтам праезнай часткі, які не паспелі скончыць да аўторка, як гэта планавалася першапачаткова.
Яшчэ тыдзень таму стала вядома, што з 10 да 14 траўня будзе часова закрыты рух на пр. Незалежнасці, на ўчастку ад Заходняга моста да вул. Свярдлова.
Мяркуючы па ўсім, рабочыя не паспелі выканаць рамонт у тэрмін, а таму ўчора было прынятае рашэнне падоўжыць перакрыццё праспекта (ад вуліцы Свярдлова да вуліцы Леніна). Паведамляецца, што працы пачаліся сёння, а 6-й раніцы: дарожнікі фрэзеруюць пакрыццё праезнай часткі і збіраюцца ўкладваць асфальт. Калі яны скончаць, пакуль невядома. У выніку заторы ўтварыліся на вул. Маскоўскай, праспекце Незалежнасці, вуліцах Бабруйскай, Свярдлова, Маякоўскага, Нямізе, на праспекце Дзяржынскага, паведамляе onliner.by.
Няскончаны рамонт на скрыжаванні вуліц Я. Коласа і Сурганава, на вул. Маскоўскай, Лагойскім тракце, на пр. Пушкіна разам прывялі да сітуацыі, калі практычна ўвесь Менск спыніўся ў заторах, многія людзі спазніліся на працу.