26 красавiка 2024, Пятніца, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: Крэмль даў штурхеля Лукашэнку

48
Анатоль Лябедзька: Крэмль даў штурхеля Лукашэнку

Крыўды беларускага кіраўніка выглядаюць па-дзіцячаму і не з'яўляюцца прыкладам сур'ёзнай палітыкі.

Такім чынам старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька пракаментаваў сайту charter97.org адмену візіту беларускага дыктатара ў Сочы.

«Паездка ў Арменію, дзе Лукашэнка дазволіў сабе пасяліцца ў асабістай рэзідэнцыі мясцовага алігарха, з'яўляецца непрымальнай. На народнай мове гэта гучыць, як карупцыя. Гэта вельмі канкрэтны прыклад, пасля якога многія палітыкі сыходзяць у адстаўку. Звязана гэта з крыўдай ці ж жаданнем выпіць армянскага каньяку - справа трэцяя», - адзначыў палітык.

Ён падкрэсліў, што ў беларуска-расейскіх адносінах Лукашэнка прытрымліваецца праверанай тактыкі шантажу.

«Цяпер ён спрабуе вярнуцца ў нішу стасункаў з Еўропай, якія існавалі да прэзідэнцкай кампаніі, тым самым шантажуючы Маскву. З іншага боку, дазваляе размяшчаць расейскія базы, што, у сваю чаргу, з'яўляецца шантажом ЕЗ», - лічыць лідар АГП.

Ён адзначыў, што дыскваліфікацыя каманды Лукашэнкі на ветэранскім турніры ў Сочы з'яўляецца не першым прыкладам, калі Расея час ад часу дае штурхеля беларускаму кіраўніку і робіць гэта ў схаванай, кплівай і здзеклівай форме.

«Падобныя крыўды выглядаюць па-дзіцячаму. У Крамлі з усмешкай ставяцца да такіх паводзінаў Лукашэнкі, якія падобныя на дзіцячы садок. Гэта не з'яўляецца прыкладам сур'ёзнай палітыкі. Але факт застаецца фактам», - дадаў палітык.

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што крэдытная лінія Масквы для беларускага дыктатара застанецца адкрытай.

«Пры гэтым Расея будзе ўзмацняць ціск, звязваючы гэтае пытанне з прыватызацыяй у Беларусі. Тым больш, існавалі ранейшыя дамоўленасці, што крэдыт наўпрост вылучаецца пад праграму прыватызацыі. Масква спадзявалася, што ў гэтай праграме яна будзе займаць дамінуючае месца. Лукашэнка гэтыя абавязацельствы не выканаў, таму Крамлю трэба знаходзіць розныя формы ўздзеяння. Яны могуць быць насмешлівыя, здзеклівыя, у форме дэмаршаў і жорсткіх пасланняў. На гэтым не будзе пастаўленая кропка. Масква прынцыпова працягне крэдытаваць беларускага кіраўніка, але пры гэтым будзе мяняць умовы выдзялення крэдыту, патрабуючы і для сябе нейкія плюсы», - падсумаваў палітык.

Нагадаем, беларускі кіраўнік адмовіўся ад запланаванай нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтам Расеі і замест гэтага адправіўся ў Арменію адкрываць казіно.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках