28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Перамогі над фашызмам

232
Дзень Перамогі над фашызмам

Вядомыя беларусы распавялі charter97.org, што для іх значыць дзень 9 траўня.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

- Для мяне гэта свята перамогі над фашызмам. Вялікае свята. Сутнасць гэтага дня я зразумеў некалькі пазней, чым пачаў яго адзначаць, але мая павага да яго ад гэтага не змянілася. 9 траўня быў канчаткова спынены працэс брутальнага знішчэння беларусаў і іншых народаў Савецкага Саюза. Я лічу, што гэтае свята павінна заставацца ў нашай памяці як мага даўжэй.

Гэта таксама дзень памяці тых людзей, якія загінулі на франтах. Але пры гэтым мы не павінны змешваць гэтае свята з дзеяннямі тых палітычных лідараў, якія не шкадавалі жыцці людзей для набліжэння гэтага дня. Амерыканцы таксама набліжалі яго, але іх салдат загінула менш, чым беларусаў у шэрагах Чырвонай Арміі. Вайна была распачатая, у тым ліку, і з-за абсалютна некарэктных дзеянняў савецкага кіраўніцтва, у тым ліку, і Сталіна. Перамога была дасягнутая цаной гібелі мільёнаў людзей. Але гэта не адмяняе свята. Людзі змагаліся, здзяйснялі гераічныя ўчынкі, змаглі абараніць сваю Радзіму ў барацьбе з фашызмам.

Я часта бываю ў Еўропе і ведаю пра тое, як ставяцца да гэтага дня іншыя народы. Я разумею, чаму яго не адзначаюць, напрыклад, у Польшчы, для якой гэта перамога адных акупантаў над іншымі.

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень:

- Для мяне 9 траўня, у першую чаргу, дзень успамінаў. Пра маіх дзядоў, якія не вярнуліся з вайны. Ад аднаго з іх застаўся ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені. Ад другога не засталося наогул нічога. Успаміны пра маіх бабуль, адна з якіх тры месяцы правяла ў турме гестапа як жонка партызанскага камандзіра, а іншая выхавала адна пецярых дзяцей пасля вайны. Гэта таксама апавяданні майго бацькі пра яго партызанскае дзяцінства.

У апошнія гады гэтае свята некалькі сапсаванае тым шабашам, які ладзіць «сям'я» Лукашэнка. Мне здаецца, тое, як праходзіць гэты дзень у Беларусі ў апошні час - не зусім тое, што трэба.

Але, безумоўна, у гэты дзень я з сябрамі і роднымі падымаю сто грам за тых, хто не вярнуўся з вайны і за тых, каго сёння ўжо няма з намі.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі:

- Для мяне Дзень Перамогі - даволі спецыфічнае свята, таму што звязанае з вайной, якая моцна прайшлася па маёй сям'і. Мой дзед загінуў на тэрыторыі Латвіі, там жа знаходзіцца яго магіла. У апошні час мне ўдалося знайсці нейкія дакументы. Я спрабаваў выехаць у Латвію яшчэ напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, але мяне тады не выпускалі з Беларусі. Таму знайсці магілу дзеда - адна з задач. Два маіх дзядзькі таксама загінулі ў вайну. Гэта свята для мяне, хутчэй, напамін пра тое, што барацьба за свабоду, якую сёння працягваю я - унук свайго дзеда - мае сэнс. Лічу, што яны аддалі жыццё, у першую чаргу, за свабоду маёй краіны і мяне асабіста. Таму мой маральны абавязак - працягваць іх барацьбу за свабодную Беларусь.

На жаль, у беларусаў ніхто не пытаўся пра тое, ці патрэбная ім гэта вайна. Адзін таталітарны рэжым ваяваў з іншым таталітарным рэжымам. Людзі ж былі паміж жорнамі. Для Беларусі Другая Сусветная - гэта частка гісторыі, але яе трэба памятаць і вывучаць такой, якой яна была на самай справе, а не такой, якой яе паказваюць сённяшнія прапагандысты.

Мікалай Халезін, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра:

- Мабыць, упершыню за ўсе гады жыцця я апынуўся 9 траўня ў Берліне. Як раз у гэтыя дні на Берлінскім фестывалі прэзентуецца мая п'еса «Return to Forever». Сёння ўспомніў, што 9 траўня - Дзень перамогі і задумаўся над тым, што для мяне значыць гэты дзень у календары. Зразумеў, што думаць пра вайну ў гэты дзень хочацца менш за ўсё. Ды і святкаваць, уласна, няма чаго. Ваенны камунізм перамог фашызм, і коштам гэтаму сталі мільёны чалавечых жыццяў. Варта памянуць усіх, хто загінуў у гэтай вайне, нягледзячы на нацыянальную прыналежнасць, і працягваць жыць рашэннем тых праблем, якія стаяць сёння перад намі. Яны важныя для тых, хто жыве цяпер.

Алесь Марачкін, мастак, кіраўнік суполкі «Пагоня»:

- Для мяне асабіста гэта не свята, а трагічны дзень. Гэта трагедыя Еўропы і Савецкага Саюза. У гэтую вайну былі ўцягнутыя беларусы. Але, тым не менш, кожны год гэта адзначаюць пампезнымі парадамі. Для мяне гэта дзень жалобы, таму што кожная перамога з'яўляецца паразай. Бо гітлераўцы напалі на Польшчу разам з Савецкім Саюзам і правялі агульны парад у Брэсце.

Так, трэба прыйсці на магілы тых, хто загінуў, і ўскласці кветкі. Гэта магілы нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў і не толькі. Мой бацька дайшоў да Берліна і вярнуўся, а мае дзядзькі загінулі. Але тое, як «раскручваюць» Дзень Перамогі, мяне абсалютна не грэе. Я б хацеў, каб гэты дзень быў днём пакаяння.

Андрэй Курэйчык, сцэнарыст:

- Для мяне гэта свята перамогі над фашызмам у Еўропе. Відавочна, што нацызм і фашызм - абсалютнае чалавеканянавісніцтва, якое магло азначаць канец сучаснай еўрапейскай цывілізацыі. Таму я лічу, што гэтая перамога з'яўляецца адной з самых важных падзей XX стагоддзя.

Пасля гэтага яшчэ амаль 50 гадоў мы ўсё пакутавалі, але ўжо пад шыльдай камунізму. Тым не менш, канкрэтна для нашай краіны фашызм уяўляў небяспеку знішчэння нацыі як такой. Таму я лічу, што гэта свята. Хоць у гэты дзень стараюся не глядзець тэлевізар. Я не магу глядзець высокапатрыятычныя фільмы: нешта ўва мне паўстае супраць гэтага. Рэкамендаваў б у гэты дзень пачытаць кнігі Быкава. Там вайна паказана менавіта такой, якой яна быў у рэальнасці.

Юрый Хашчавацкі, рэжысёр-дакументаліст:

- Мой бацька вярнуўся з вайны з узнагародамі. Будучы чатырохгадовым хлапчуком, я апранаў Ордэны Славы і медалі «За адвагу» і выходзіў на двор. І практычна ўсе хлопцы хадзілі з ордэнамі і медалямі. У гэты дзень мае родныя і суседзі збіраліся пад абрыкосам у адэскім дворыку, і кожны прыносіў тое, што мог. Усе садзіліся за стол, трохі выпівалі і ўспаміналі, як яны ўратаваліся.

Дзень Перамогі - гэта свята людзей, якія выжылі і выратавалі нас. Нізкі паклон гэтым людзям.

Але з гэтай вайной звязаны адваротны бок: акупацыя Літвы, Латвіі, Эстоніі і практычна акупацыя краін Усходняй Еўропы. Гэта была палітыка, якую вяла «імперыя зла» - Савецкі Саюз. Пра гэта таксама нельга забываць. Трэба разумець, што ў час вайны было ўсё: гераізм, слава, вялікія людзі, якія ваявалі з фашызмам. Але іх гераізмам карысталася ўлада, якая пашырала імперыю, прыгнятала і занявольвала народы. Усё трэба памятаць.

Напісаць каментар 232

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках