13 чэрвеня 2026, Субота, 21:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатачнікам» малы памежны рух не цікавы

26
«Палатачнікам» малы памежны рух не цікавы

«Дэпутаты» не хочуць пытацца ў Лукашэнкі пра малы памежны рух з Польшчай.

Былы дырэктар брэсцкага ЦУМа, а цяпер «дэпутат» Віктар Валюшыцкі стаў апошнім з сваіх калегаў, якія прадстаўляюць гэты горад у беларускай «палатцы», хто адказаў на зварот мясцовых жыхароў, які тычыўся рэалізацыі малога прымежнага руху. Неабыякавыя брэстчане засталіся незадаволенымі калектыўнай адпіскай «парламентароў», з якой вынікала, што зварот грамадзян быў адпраўлены на прапрацоўку ў органы, падпарадкаваныя ўраду. А падставай для новага запыту стаў той факт, што ніхто з брэсцкіх «народных абраннікаў» не задаў пытанне на гэтую тэму Лукашэнку падчас яго штогадовага паслання беларускаму народу ў красавіку гэтага года. Між тым за больш хуткую рэалізацыю малога прымежнага руху з Польшчай было сабрана больш за дзве тысячы подпісаў грамадзян.

У сваім адказе нежаданне напрамую звярнуцца да Лукашэнкі па хвалюючай людзей тэме «дэпутат» Валянцін Мілашэўскі патлумачыў спасылкай на словы намесніка прэм'ер-міністра Пятра Пракаповіча, што пытанне аб малым памежным руху ўсебакова прапрацоўваецца для прыняцця станоўчага рашэння.

Як паведаміў charter97.org адзін з ініцыятараў звароту Уладзімір Вуек, за больш падрабязнай інфармацыяй «дэпутат Мілашэўскі адправіў яго да свайго «калегі» Віктара Валюшыцкага, так як адрас адпраўніка звароту знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі гэтага «парламентара».

Па словах Вуека, адказу ад Валюшыцкага давялося чакаць доўга, а сутнасць паслання здзівіла. «Дэпутат» адзначае, што ў лісце на яго адрас ад імя грамадзян Брэста «прагучалі несправядлівыя ноты раздражнення» з нагоды таго, што ён не скарыстаўся сваім правам задаць пытанне Лукашэнку. Сваю пазіцыю Віктар Валюшыцкі тлумачыць тым, што сам зварот брэстчан быў перанакіраваны ў Савет Міністраў, а Лукашэнка ўжо выказваўся на тэму малога прымежнага руху. Далей «дэпутат» цытуе адказ кіраўніка на зададзенае яму пытанне журналістамі Польскага агенцтва друку (PAP) на прэс-канферэнцыі ў студзені гэтага года. Тады Лукашэнка заявіў, што «ёсць пэўныя праблемы, і яны нас насцярожваюць, а як толькі мы атрымаем ад іх (польскіх уладаў) пэўныя гарантыі і будзем бачыць з іх боку дружалюбную палітыку, мы гэтыя рашэнні прымем».

Як падкрэслівае ў сваім лісце Віктар Валюшыцкі, пазіцыя Лукашэнкі выяўленая, апублікаваная, шырока каментавалася ў прэсе, і няма патрэбы задаваць тое ж пытанне яшчэ раз.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках