Гродзенскі суд прыгаварыў да расстрэлу раўнівага акультыста
55- 13.06.2013, 9:27
- 61,272
23-гадоваму забойцу двух чалавек вынесены смяротны прысуд.
«Жыхар Вілейкі, 1990 года нараджэння, прысуджаны да выключнай меры пакарання - смяротнай кары: ён прызнаны вінаватым у здзяйсненні забойства з асаблівай жорсткасцю двух чалавек», - паведамілі ў Гродзенскім абласным судзе.
Жорсткае двайное забойства адбылося ў Гродна 5 жніўня 2012 года, перадае «Інтэрфакс». Жыхар Вілейкі ў кватэры інтэрната ў Гродна забіў з рэўнасці сваю жонку і яе знаёмага гродзенца. Прычым труп апошняга злачынец расчляніў і выкінуў у смеццевы бак, а галаву забраў з сабой. З галавой у сумцы яго і затрымалі праваахоўнікі ў цягніку ў Ваўкавыску.
Вядома, што малады чалавек пазнаёміўся са сваёй жонкай у Інтэрнэце, абодва цікавіліся акультызмам. Зрэшты, суд не знайшоў доказаў таго, што забойства было здзейснена з рытуальнымі мэтамі, паведамляе БелТА.
Падсудны быў прызнаны вінаватым па чатырох артыкулах: забойства з асаблівай жорсткасцю, здзек над целамі, крадзеж і крадзеж дакументаў. Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён.
Нагадаем, міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы патрабуюць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі.