МВФ: Беларусі давядзецца зноў пазычаць
9- 13.06.2013, 12:31
- 25,397
Без новых крэдытаў Беларусь становіцца ўразлівай ў выпадку негатыўных унутраных ці знешніх узрушэнняў.
«Магчымасці Беларусі па пагашэнні крэдытаў застаюцца напружанымі», лічаць эксперты Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Нагадаем, учора МВФ апублікаваў даклад персаналу да кансультацый 2013 года па Артыкуле IV.
«Каэфіцыенты пазыкі, якія растуць, пагаршэнне сальда рахунку бягучых аперацый, нізкі ўзровень валютных рэзерваў і пік абслугоўвання знешняй пазыкі, што прыпадае на 2013-2015 гады (уключаючы пагашэнне крэдытаў Фонду ў памеры 1,7 млрд даляраў ЗША ў 2013 годзе і 1,4 млрд. даляраў . ЗША ў 2014 годзе) пагаршаюць рызыкі для пагашэння», адзначаюць эксперты МВФ.

Нягледзячы на тое, што ў базісным сцэнары персаналу Беларусь павінна быць у стане выканаць свае знешнія абавязацельствы, у кароткатэрміновай перспектыве, «без дадатковага знешняга фінансавання паўстане тэндэнцыя да зніжэння рэзерваў, што зробіць Беларусь уразлівай у выпадку негатыўных унутраных ці знешніх узрушэнняў», гаворыцца ў дакладзе .
Як адзначаюць эксперты, афіцыйныя органы разглядаюць розныя магчымасці прыцягнення дадатковага фінансавання. У рамках праграмы АКФ беларускія ўлады абавязаліся прыватызаваць дзяржаўныя актывы на суму 2,5 млрд. даляраў ЗША, але актывы, якія можна прадаць для выканання гэтай умовы, яшчэ не вызначаныя.
Улады Беларусі таксама абмяркоўваюць iншыя новыя двухбаковыя дамовы з Расеяй, якія патэнцыйна прыцягнулі б буйныя сумы знешняга фінансавання. «Незалежна ад гэтага, з прычыны даходнасці па аблігацыях, якая рэзка знілася, і гэта вынікае з выключных рынкавых умоваў, урад разглядае магчымасць размясціць еўрааблігацыі і правёў дзве выязныя прэзентацыі ў апошнія месяцы», паведамляецца ў дакладзе.