Асёл заклікаў паўдзельнічаць у лахатроне ад «Супэрлато» на Камароўцы
55- 13.06.2013, 18:03
- 90,062
Арганізатары вядомай латарэі наважылі не хаваць свайго стаўлення да пакупнікоў білетаў.
Пра гэта піша чытач сайта «Салiдарнасць», які і даслаў фатаграфію жывёліны, што стаяла ля століка прадаўца латарэйных квіткоў. Здымак быў зроблены ў мінулыя выходныя на Камароўскім рынку ў Менску.
«Няўжо так шчыра падказваюць?», - пракамэнтаваў фотаздымак аўтар.

У Дзяржаўным рэестры значыцца больш за 30 розных латарэй. «Супэрлато» - адна з самых папулярных. У спісах заснавальнікаў латарэйных кампаній - Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі («Ваша лато», «Імгненне фартуны», «Пяцёрачка»), Міністэрства спорту і турызму («Супэрлато»), Міністэрства гандлю («Зігзаг фартуны », «Шчодрая крама»), Міністэрства культуры («Скарбніца»), Міністэрства надзвычайных сітуацый («За бяспеку»). Арганізатараў, якія атрымалі ў Міністэрстве фінансаў ліцэнзіі на права ажыццяўлення латарэйнай дзейнасці ў Беларусі, усяго пяць: рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы «Беларускія латарэі» і «Нацыянальныя спартыўныя латарэі», камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Брэсцкія латарэі», магілёўскае даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Латарэя» і закрытае акцыянернае таварыства «Спорт-пары», адным з заснавальнікаў якога з'яўляецца Дзмітрый Лукашэнка. Прыватных латарэйных кампаній у Беларусі няма.