Віталь Рымашэўскі: ЕЗ не павінен паддавацца на гульні Лукашэнкі
4- 13.06.2013, 18:12
- 12,313
Заява правадыра аб патрэбе нармальных стасункаў з ЕЗ разлічаная на тое, што Еўропа паддасца і дасць чарговы крэдыт.
Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў сустаршыня аргкамітэта для стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, камэнтуючы заяву Лукашэнкі пра патрэбу наладжвання стасункаў з Захадам.
«Гэта старая гульня, якая ідзе ў дачыненні да Еўразвязу пад дэвізам «дайце грошай на незалежнасць». Але фактычна грошы выпрошваюцца не на незалежнасць ад Расеі, а на незалежнасць ад беларускага народа. Шчыра кажучы, не хочацца, каб ЕЗ ўцягваўся ў гэтую гульню. Лукашэнка прадае Расеі заводы, а Захаду палітвязняў, і гэты торг трэба спыніць. Гэтыя выказванні разлічаныя на тое, што Еўропа паддасца, і гэтая гульня будзе працягвацца», - адзначыў палітык.
Ён мяркуе, што гэта можа быць «пераладаваннем» і спробай новага дыялогу з беларускім рэжымам.
«Гэты працэс не з'яўляецца аднамомантавым і рыхтаваўся апошнімі гадамі, можна сказаць, нават апошнімі месяцамі. Мабыць, існуюць нейкія дамоўленасці з пэўнымі палітыкамі з Еўрапейскага Звязу, якія даюць Лукашэнку падставы рабіць такія заявы. Магчыма, беларускі правадыр ведае, што ёсць абяцанні больш шчыльных стасункаў з Захадам бліжэйшым часам, і разумее, што робячы такія заявы ён, не трапіць у няёмкае становішча, а Еўропа пойдзе на пэўныя прапановы і крокі для дыялогу. Таму гэтая заява, у прынцыпе, не спантанная - яна падрыхтаваная зараней і трапляе ў стратэгію так званага пераладавання і новага дыялогу з рэжымам», - падсумаваў Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, сёння беларускі дыктатар сустрэўся са старшынём Дзярждумы Расеі Сяргеем Нарышкіным.
Падчас сустрэчы Лукашэнка загаварыў пра патрэбу выбудоўваць нармальныя стасункі з Еўразвязам.