Пратэсты ў Турцыі: Стамбул у стане аблогі
28- 16.06.2013, 15:21
- 42,413
Подступы да плошчы Таксім ахоўваюцца паліцыяй, у цэнтр горада сцягваюцца сотні тысяч чалавек.
Сітуацыя можа напаліцца ў кожны момант: арганізатары пратэсту заклікаюць мільённым маршам адказаць на акцыю прыхільнікаў прэм'ера Эрдагана, якая прызначаная на нядзелю. Улады тэрмінова перакідваюць у гарады, ахопленыя пратэстамі, паліцыю і вайскоўцаў з усходніх рэгіёнаў краіны, паведамляе тэлеканал Aljazeera.
У раёне Харбіе некаторыя вуліцы перацятыя барыкадамі. Там у асноўным адбываецца пазіцыйная барацьба. Паліцыя перыядычна ўжывае водныя гарматы і газ супраць маніфестантаў, якія кідаюць у бок сіл бяспекі камяні. Дэманстранты не здолелі праз нястачу часу пабудаваць сур'ёзныя фартыфікацыйныя збудаванні, якія былі на подступах да Таксіму да 11 чэрвеня. У сувязі з гэтым вартавыя парадку могуць параўнальна лёгка расчышчаць барыкады, піша NEWSru.com.
У цэнтры сталіцы Турцыі Анкары на плошчы Кызылай паліцыя ўжыла водныя гарматы для разгону мітынгоўцаў, якія бралі ўдзел у пахаванні актывіста пратэстнага руху Этэма Сарысулюка, там сабралася блізу 1000 чалавек. Сутыкненні працягваюцца ва ўсёй краіне. У Ізміры на цэнтральнай плошчы сабралася некалькі тысяч мітынгоўцаў. Падобныя акцыі праходзяць і ў іншых гарадах, хоць сутыкненні, у асноўным, зафіксаваныя ў Стамбуле, Анкары і Адане - горадзе на поўдні Турцыі.
Новы віток супрацьстаяння пачаўся з таго, што ў суботу платформа «Салідарнасць Таксіма», якая аб'ядноўвае пратэстоўцаў, заявіла, што дэманстранты працягнуць займаць парк Гезі, пакуль улады не выканаюць іхныя патрабаванні, якія тычацца будучыні самога парку і будаўніцтва, а таксама прытрымлівання дэмакратычных правоў і свабодаў.
Улады разважылі інакш. Прэм'ер Рэджэп Таіп Эрдаган адзначыў, што будаўніцтва ўжо спыненае, затым папярэдзіў аб патрэбе падпарадкоўвацца паліцыі - і плошчу сталі зачышчаць ад лагера. Для разгону пратэстоўцаў паліцэйскія ўжылі слезацечны газ, пах газу адчуваецца ў радыусе кіламетра ад парку, паведамляе ВВС.
Разгон дэманстрантаў актывізаваў пратэст, і толькі ў Стамбуле да цэнтральнай плошчы Таксім з розных раёнаў горада прасоўваецца блізу ста тысяч чалавек. На прылеглых да плошчы вуліцах паліцыя працягвае разганяць маніфестантаў. Машыны, абсталяваныя воднымі гарматамі, літаральна змываюць з вуліц актывістаў, пасля чаго паліцыянты закідваюць у раён засяроджвання пратэстоўцаў газавыя шашкі. Многія ўдзельнікі акцыі пратэсту, якія трапілі пад удар струменю воднай гарматы, паведамляюць, што ў вадзе ўтрымліваюцца нейкія хімічныя рэчывы, якія выклікаюць смыленне і ў шэрагу выпадкаў апёкі.
Спецтэхніка расчышчае створаныя похапкам завалы і барыкады. Паліцыя практычна не ўступае ў непасрэдны кантакт з пратэстоўцамі, аднак ужо пачалі з'яўляцца паведамленні пра затрыманні. Губернатар Стамбула Хусэйн Авні Мутлу ў сваю чаргу заявіў, што «правакатары» паранілі двух вартавых парадку.
У сацыяльных сетках разгарнулася шырокая агітацыя за правядзенне сёння днём на Таксіме антыўрадавага мітынгу, на які заклікаюць сабраць мільён чалавек. Гэтая акцыя павінна стаць адказам на мітынг у падтрымку прэм'ер-міністра, правядзенне якога запланаванае сёння.
«Салідарнасць Таксіма» заявіла, што ўлады «ператварылі парк і ўсю краіну ў зону баявых дзеянняў». Яна ўсклала віну за тое, што адбываецца на турэцкія ўлады і запатрабавала спынення нападаў на пратэстоўцаў.