Мікалай Статкевіч: Адмоўцеся ад сустрэч з кіраўніцтвам беларускага рэжыму
37- 20.06.2013, 7:44
- 25,645
Палітвязень звярнуўся да прэм'ер-міністра Літвы.
Падставай да звароту паслужылі сустрэча літоўскага прэм'ер-міністра з Міхаілам Мясніковічам і наступныя заявы аб магчымым візіце Альгірдаса Буткявічуса ў Беларусь, а таксама магчымасць запрашэння вышэйшых службовых асоб нашай краіны на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні, якая шырока абмяркоўваецца. Мікалай Статкевіч напісаў ліст кіраўніку ўрада Літвы з магілёўскай турмы №4.
Cайт statkevich.org прыводзіць поўны тэкст звароту:
«Паважаны таварыш!
Калі Літва змагалася за выхад з савецкай імперыі, многія людзі ў Беларусі былі салідарныя з вашай барацьбой. Напрыклад, зімой 1991 года я, тады падпалкоўнік Савецкай Арміі, у знак пратэсту супраць прымянення савецкімі войскамі зброі каля Віленскага тэлецэнтра выйшаў з камуністычнай партыі. Вясной таго ж года я сустрэўся з міністрам аховы краю Літвы, каб выказаць сваю падтрымку барацьбе вашага народа. У чэрвені 1991 года я выступіў па літоўскім тэлебачанні з Каўнаса са зваротам да ваеннаслужачых-беларусаў і заклікаў іх не ўжываць сілу супраць літоўскага народа. Напэўна, Вы разумееце, што тады я рызыкаваў не толькі ваеннай кар'ерай.
Цяпер ужо беларускі народ мае патрэбу ў салідарнасці ў сваёй барацьбе за свабоду, незалежнасць і захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі заяўляюць пра грубае парушэнне правоў чалавека ў нашай краіне, пра татальныя фальсіфікацыі выбараў, пра датычнасць уладаў да выкраданняў і забойстваў апазіцыйных лідараў. Беларускія палітвязні падвяргаюцца ціску і нават катаванням з мэтай прымусіць іх папрасіць памілавання ў нелегітымнага «прэзідэнта».
Тыя, хто змагаецца за свабоду нашай краіны, разглядаюць любыя прамыя кантакты кіраўніцтва дэмакратычных краін з верхаводамі беларускага рэжыму, як здраду ідэалам дэмакратыі і спробу легітымізацыі дыктатуры.
Я звяртаюся да Вас, як да кіраўніка брацкай партыі - партнёра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) па Сацыялістычным Інтэрнацыянале, з заклікам адмовіцца ад сустрэч з кіраўніцтвам беларускага рэжыму да таго часу, пакуль у нашай краіне не застанецца ні аднаго палітвязня».
Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый. Тады ж былі арыштаваныя больш за 700 удзельнікаў акцыі пратэсту, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Алесь Міхалевіч і члены іх выбарчых штабоў.
26 траўня 2011 года палітык быў асуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.
Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, па загадзе ўладаў у дачыненні да яго ажыццяўляюцца правакацыі.
