Мінская вобласць можа застацца без дарог
39- 20.06.2013, 9:59
- 37,683
Дарогам Менскай вобласці пагражае наступ пяскоў
Пра жахлівы стан беларускіх дарог піша нават афіцыйная прэса. Газета «Рэспублiка» адзначае, што іх стан нават можа адбіцца на ВУП краіны.
«Дарожная праблема паступова абрастае барадой. Па крайняй меры, цалкам новай яе назваць складана. Пасля піка фінансавання галіны ў 2008 годзе адбыўся рэзкі спад. І сёння абласныя дарожнікі атрымліваюць грошай усяго крыху больш за 20% ад патрэбаў. А бо пяць гадоў таму гэты паказчык быў роўны 92%. На будаўніцтва новых дарог сродкаў практычна не застаецца. Самае небяспечнае - іх катастрафічна бракуе на ўтрыманне і бягучы рамонт наяўнага фонду. А без належнага догляду дарога хутка ператвараецца ў пясок з элементамі асфальту. Участкаў «на мяжы» ўжо назапасілася нямала ў Менскай вобласці», піша выданне.
Зрэшты, у іншых рэгіёнах - падобная сітуацыя. Унікальнасць Меншчыны - блізкасць шэрагу тэрыторый да сталіцы, з-за чаго па многіх напрамках за апошнія 10 гадоў рэзка ўзрос паток транспарту. Катэгорыя жа дарог засталася ранейшай, яшчэ ледзь ледзь не з савецкай эпохі. Чым ніжэй статус трасы, тым менш вылучаецца сродкаў на падтрыманне яе ў парадку. А нагрузка павялічылася ў разы. І дарожнае пакрыццё не вытрымлівае такога інтэнсіўнага руху.
Камітэт дзяржаўнага кантролю Менскай вобласці зараз ўшчыльную заняўся дарожнай праблемай у рэгіёне, праводзіць комплексны маніторынг. Папярэднія вынікі яскрава сведчаць: нешта неабходна мяняць. Рэгіянальныя дарожныя службы паступова з профільных арганізацый ператвараюцца ў «майстроў на ўсе рукі». Акрамя ўтрымання і рамонту трас, імкнуцца зарабіць на будаўніцтве самых разнастайных аб'ектаў: асфальтуюць пляцоўкі пад камерцыйныя склады, укладваюць трубаправоды, узводзяць аграгарадкі... У некаторых ДРБУ аб'ём работ на іншых аб'ектах дасягае 70-80%.
Але па-іншаму звесці канцы з канцамі галіновым прадпрыемствам не ўдаецца.
«Трэба людзям зарплату плаціць, а для гэтага неабходны аб'ём работ», - тлумачыць сітуацыю начальнік ДРБУ-121 Аляксандр Ламака. Выдзеленыя сродкі на 597 кіламетраў дарог, якія знаходзяцца пад яго «наглядам», ужо даўно перерасходаваныя. А неабходна ўтрымліваць тэхніку, людзей і хоць бы як-небудзь «закрываць» участкі, якія асабліва развальваюцца. У ДРБУ-121, па словах Аляксандра Ламакі, 13 кіламетраў трасы знаходзяцца ў крытычным стане, яшчэ 60 - у вельмі дрэнным. Калі падыходзіць да справы зусім па-добраму, займацца ямачным рамонтам такіх участкаў - змагацца з ветракамі. Калі ямачнасць дасягае 70% пакрыцця, ніякія лапкі доўга не пратрымаюцца. Але зрабіць новае асфальтавае пакрыццё аднаго кіламетра дарогі шырынёй 6 метраў каштуе 8 млрд. рублёў. І гэта без уліку сродкаў на прывядзенне ў парадак абочын і іншыя суправаджальныя мерапрыемствы.
«Недахопаў, якія бачныя няўзброеным вокам нават з машыны, хапае. Месцамі не зробленая атвалка абочыны, таму дарожнае палатно ніжэй за «пяшчанае акружэнне». У любой дожджык на дарозе запасіцца вада, размывае пакрыццё. Праўда, многія недахопы бачаць і самі дарожнікі. Але, на жаль, справіцца з імі фізічна не могуць, зыходзячы з банальнай арыфметыкі, якая ярка дэманструе разыходжанне рэсурсаў і патрэбаў», - піша выданне.