Віталь Рымашэўскі: ЕЗ дае Лукашэнку адмашку для новых рэпрэсій
14- 20.06.2013, 11:27
- 17,751
Адмена санкцый супраць Макея будзе адмашкай беларускаму рэжыму для пачатку рэпрэсій перад 2015 годам.
Такім чынам сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сайту charter97.org магчымасць зняцця Еўразвязам візавых санкцый з кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея.
«Я лічу, што гэта будзе вельмі памылковым крокам. Хацеў бы звярнуць увагу на тое, што 11 чэрвеня была распачатая крымінальная справа па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» ў дачыненні да Аляксея Шчадрова. Гэта каталіцкі вернік, які адкрыў прытулак для бяздомных людзей. Справа Андрэя Гайдукова, а зараз і справа Аляксея Шчадрова сведчаць пра пачатак прэзідэнцкай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі да 2015 года. Дадзеныя крымінальныя справы па палітычных артыкулах пагражаюць усяму дэмакратычнаму руху Беларусі», - упэўнены палітык.
Ён лічыць, што беларускі рэжым такім чынам чытае рэакцыю міжнароднай супольнасці і грамадзянскай супольнасці нашай краіны.
«На працягу нядаўняга часу ў Беларусі адбылося ўзмацненне рэпрэсій, а за апошнія паўгода некаторыя палітвязні былі пераведзеныя ў больш жорсткія ўмовы ўтрымання. Калі рэакцыяй Еўразвяза на гэтыя факты стане нічым неабгрунтаванае выключэнне Макея са спісу неўяздных у ЕЗ, то гэта будзе адмашкай беларускаму рэжыму для пачатку рэпрэсій перад 2015 годам. Такім чынам Еўропа паставіць подпіс у сваім бяссіллі перад аўтарытарызмам Лукашэнкі», - перакананы Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, учора віцэ-старшыня Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч паведаміў, што рашэнне аб прыпыненні візавых абмежаванняў супраць міністра замежных спраў Беларусі ўжо падрыхтаванае.
24 чэрвеня Рада міністраў ЕЗ разгледзіць гэтае пытанне.