Лукашэнка: Уласнасці, выкрадзенай у народа, у Беларусі не знойдзеце
64- 20.06.2013, 12:40
- 47,592
Кіраўнік не заўважыў у краіне прорвы паміж багатымі і беднымі.
Пра гэта ён заявіў, выступаючы перад удзельнікамі Сусветнага кангрэса рускай прэсы, які адкрыўся ў Менску, перадае «Інтэрфакс».
«У Беларусі вы не знойдзеце прорвы паміж багатымі і беднымі. Гэтак жа, як не знойдзеце ўласнасці, выкрадзенай у народа. Мы для сябе выразна вызначылі - эканамічная сістэма, заснаваная на першародным падмане, не можа быць устойлівай», - заявіў Лукашэнка.
Кіраўнік таксама выказаў меркаванне, што аснову беларускай дзяржаўнасці складаюць духоўныя каштоўнасці і культурныя дасягненні «рускай цывілізацыі». Лукашэнка таксама не забыўся яшчэ раз нагадаць, што лічыць рускую мову роднай. Ён падкрэсліў, што не шкадуе аб вынясенні пытання аб яе статусе на рэферэндум 1995 года.
«Руская мова стварыла вялікую рускую культуру, якая таксама з'яўляецца здабыткам многіх народаў і да якой, калі браць паняцце рускай культуры і рускай цывілізацыі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, адносімся ўсе мы», - заявіў ён.
Кіраўнік выказаўся і пра крытыку ў яго адрас з-за адсутнасці ў Беларусі свабоды слова. Паводле яго слоў, пра гэта «звычайна кажуць крывадушныя людзі».
«Самі яны выдатна разумеюць, што ў свеце няма абсалютнай свабоды. Той, хто незалежны ад урада, залежны ад уласніка выдання, ад рэкламадаўцаў, ад капрызаў публікі, у рэшце рэшт ад памылак і эмоцый уласных журналістаў», - сказаў Лукашэнка.
Сусветны кангрэс рускай прэсы - традыцыйная штогадовая сустрэча кіраўнікоў рускамоўных СМІ Расеі і іншых краін, на якой абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця сусветнай рускамоўнай інфармацыйнай прасторы, захавання рускай мовы. Ён праводзіцца ў 15 раз.