Фатограф Цуранаў: Я б ніколі не здымаў Pussy Riot
63- 20.06.2013, 19:41
- 26,928
«Я маю свае густы і прынцыпы», - заявіў супрацоўнік газеты «На страже».
«У газеце мы звычайна рыхтуем матэрыялы і пра зняволеных і пра супрацоўнікаў калоній, - заявіў «Нашай Нiве» пераможца конкурсу Belarus Press Photo Вячаслаў Цуранаў. - Бо праца апошніх таксама вельмі складаная і небяспечная. Можна паехаць на заданне, можна праявіць ініцыятыву, і ў газеце выйдзе вялікі матэрыял».
Вядома, я маю свае густы і прынцыпы. Напрыклад, я ніколі б не здымаў Pussy Riot, нават калі б была магчымасць фатаграфаваць іх за кратамі. Меркаванне гледачоў для мяне таксама мае значэнне, але ў першую чаргу я прыслухоўваюся да таго, што кажуць прафесіяналы. Ацэнка журы для мяне вельмі важная».
Да сваёй перамогі Вячаслаў Цуранаў ставіцца вельмі спакойна.
«Я і раней займаў прызавыя месцы ў конкурсе Belarus Press Photo, але гран-пры атрымаў упершыню. У той жа час, я не перастаю вучыцца фатаграфіі, заўсёды гляджу, што і як робяць калегі. А што да маіх здымкаў, то густы людзей хутка мяняюцца: сёння падабаецца, заўтра - не. Пра каштоўнасць такой працы трэба гутарыць год праз дзесяць», - кажа ён.
Чалец журы, фатограф Associated Press у Беларусі Сяргей Грыц кажа, што паставіў серыі Цуранава найвышэйшы бал.
«Я ўважаю гэтую серыю за прафесійную журналісцкую працу, аўтар на ўсе сто адсоткаў выкарыстаў свае магчымасці і кантакты для таго, каб раскрыць тэму і лепш аформіць яе. Трэба разумець, што ўсе такія здымкі праводзяцца паводле ўзгаднення з адміністрацыяй і з самімі зняволенымі. У выніку ж атрымаўся сапраўды выдатны матэрыял.
Прафесійныя фотажурналісты выбар журы ўважаюць за нядрэнны. Каментуюць тыя, каму няма чаго рабіць. Гэта як гул на футбольным полі: усе з трыбун крычаць, што і як рабіць спартоўцам.
Магчыма, такая рэакцыя з’явілася яшчэ і праз тое, што далёка не ўсе разумеюць прынцып судзейства. Калі аўтары дасылаюць свае працы на конкурс, яны пазначаюць імя толькі ў анкеце, пісаць сваё імя і прозвішча ў подпісах да фота забаронена. Пасля таго, як арганізатары атрымалі ўсе здымкі, яны надаюць кожнаму аўтару унікальны код і змяняюць імёны ўсіх здымкаў. Менавіта ў такім выглядзе - з подпісамі, але без імёнаў - фота атрымлівае журы. Прафесіяналы выбіраюць здымкі і лепшыя трапляюць у шорт-ліст. Далей у журы ёсць некаторы час, каб размеркаваць балы, арганізатары падлічваюць іх і абвяшчаюць вынікі. І толькі тады становяцца вядомымі імёны пераможцаў», - сказаў Сяргей Грыц.
У гэтым годзе ў журы ўвайшлі вайсковы фатограф Юрый Козыраў, намеснік кіраўніка конкурсу World Press Photo Мартэн Коэс, дырэктар фотаслужбы «Рускага рэпарцёра» Андрэй Паліканаў, шэф маскоўскага бюро Associated Press Аляксандр Землянічанка, фатограф і дырэктар у міжнародных сувязях і развіцці EPA Марыя Ман, прэзідэнт Клуба прэс-фота Літвы Ёнас Стасэліс, фатограф Associated Press у Беларусі Сяргей Грыц.
Безумоўна, вынікі конкурсу залежаць ад складу журы. Са слоў арганізатара Вадзіма Заміроўскага, ён пільна сочыць за балансам і імкнецца запрасіць прафесіяналаў з розных сфер фатаграфіі.
«У нас ёсць спецыяльны закрыты сайт, доступ да якога маюць толькі арганізатары і журы, - кажа Вадзім Заміроўскі. - Туды мы выкладаем здымкі, і ў каментарах ідзе абмеркаванне і ставяцца балы. Пасля цырымоніі гэтыя звесткі не знікаюць, гэта значыць увесь працэс галасавання ёсць на гэтым сайце. Але я спадзяюся, што да публічнага абмеркавання гэтых звестак у нас не дойдзе».
Вадзім паведаміў, што ўчора яму тэлефанавала незнаёмая жанчына, якая выказала надзею, што праект Belarus Press Photo будзе як мага хутчэй закрыты, а імёны пераможцаў - выкрасленыя з гісторыі беларускай журналістыкі.
«Выглядае гэтая гістэрыя так, быццам рэпер з Брукліна прыйшоў у оперу і выказвае незадаволенасць рэчытатывам выступоўцаў», - усміхаецца Вадзім Заміроўскі.
Нагадаем, Belarus Press Photo - гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. Ён закліканы стымуляваць развіццё фотажурналістыкі, падтрымаць абмен вопытам і ведамі паміж пакаленнямі беларускіх фатографаў, сфармуляваць высокія прафесійныя стандарты ў фотажурналістыцы і прыяць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафесійнай інфармацыяй.
У 2013 годзе аргкамітэт атрымаў больш за 2500 конкурсных здымкаў ад рэкорднай колькасці удзельнікаў - 114-ці. Пераможцы вызначаюцца ў 9-і рубрыках - «Навіны», «Паўсядзённае жыццё», «Спорт», «Рэпартажныя Партрэт», «Пастановачны Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Традыцыі» і «Мабілаграфія». У кожнай намінацыі ўзнагароджваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі работ.
Крыху пазней у Інтэрнэце з'явілася фатаграфія, якая паказвае, якім чынам праводзілася фотасесія ў Жодзінскай турме.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу прайшла ўчора ў Менску.
Уладальнік Гран-пры Belarus Press Photo Вячаслаў Цуранаў 11 гадоў працуе фотакарэспандэнтам у газеце «На страже» Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Былы палітвязень Зміцер Бандарэнка ў інтэрв'ю сайту charter97.org назваў пераможцу конкурса саўдзельнікам катаванняў над арыштантамі.
«Шакаваны пастановай журы Belarus Press Photo прысудзіць Гран-пры супрацоўніку газеты« На страже» Вячаславу Цуранаву. Магчыма, хтосьці ў гэтых здымках з Жодзінскай турмы угледзеў глыбокі філасофскі сэнс. Я бачу ў іх сведчанне таго, што супрацоўнік-фатограф Цуранаў стаў як мінімум саўдзельнікам катаванняў і здзекаў над вязьнямі. Абсалютна зразумела, што гэтая дзікая фотасесія з дурным крэслам ў шпацырным дворыку ня была добраахвотнай. Зняволеныя не глядзяць у аб'ектыў, а іх рукі ў мароз скаваныя за спіной кайданкамі. Калі я сядзеў у карцэры турмы КДБ, мне «пашчасціла» шпацыраваць у кайданках ў 15-градусны мароз. Магу сказаць, што гэта самае сапраўднае катаванне. Чалавек адчувае вельмі моцны боль, а пасля такога «шпацыру» кісці рук цягам некалькіх гадзін застаюцца сінімі. Для садыстаў важна, што пры гэтым не застаецца слядоў.
На жаль, для шмат якіх беларускіх міліцыянтаў і фота карэспандэнта «На страже» Цуранава зняволеныя - толькі бяспраўныя рабы. Але пра што думалі чальцы журы паважанага конкурсу, застаецца незразумелым.
Дапускаю думку, што журы Belarus Press Photo пастанавіла прысудзіць Гран-пры супрацоўніку міліцэйскай газеты для таго, каб альбом не быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім, як гэта здарылася з выданнем 2011 года. Але пры гэтым ствараецца небяспечны прэцэдэнт: ці не станецца, што ў наступным годзе пераможцам стане супрацоўнік ААЦ з глыбока філасофскімі здымкамі расстрэлу зняволеных», - заявіў Зміцер Бандарэнка.