10 траўня 2024, Пятніца, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жыве Беларусь!» узнагароджаны за лепшы сцэнар на фестывалі ў Брусэлі

21
«Жыве Беларусь!» узнагароджаны за лепшы сцэнар на фестывалі ў Брусэлі

Фільм пра беларускі Супраціў атрымаў прэстыжную ўзнагароду на Брусэльскім кінафестывалі.

«Гэта ўзнагарода нагадае еўрапейцам пра Беларусь. Тое, што адбываецца там - не ўнутраная праблема краіны, гэта пытанне яе незалежнасці краіны» - заявіў Кшыштаф Лукашэвіч на цэрымоніі ўзнагароджання, перадае «Радыё Свабода».

Па версіі журы, «Жыве Беларусь» быў адным з двух кандыдатаў-фіналістаў на галоўны прыз конкурсу - Le Golden Iris Award і 10 тысяч еўра, якія ў выніку атрымала французска-нямецкая стужка «Michael Kohlhaas» рэжысёра Арно Дэ Пальер, якая сярод іншага , была намінантам цяперашняга Канскага кінафестывалю.

Акрамя ўзнагароды за лепшы сцэнар, аўтары «Жыве Беларусь!» ганараваныя прэміі ў памеры 2000 еўра ад двух буйных асацыяцый - ASA (Франкафонная бельгійская асацыяцыя сцэнарыстаў) і SABAM (Бельгійская асацыяцыя аўтараў, кампазітараў і выдаўцоў).

«Мы да канца змагаліся за галоўную ўзнагароду. Члены журы былі вельмі прыязныя, пры ўручэнні яны адзначылі, што ў сцэнары вельмі дакладна прапісаныя матывацыя, сюжэт, гісторыя, што фільм цэласны. Выдатна, што ў сталіцы аб'яднанай Еўропы ацанілі яго. Калі я казаў, я сказаў, што цяпер у Еўропе забываюць пра беларускую апазіцыю, што памылкова спрабуюць дамаўляцца з рэжымам», - сказаў Кшыштаф Лукашэвіч.

Па словах рэжысёра, гэтая важная ўзнагарода фільма нагадае еўрапейцам пра сітуацыю вакол Беларусі і беларускую апазіцыю.

«Удзел фільма ў фестывалі такога ўзроўню ўжо нагадвае пра беларускую справу. Гэта ўзнагарода ўсім беларусам, якія не вагаліся і не баяліся ўдзельнічаць у фільме і такім чынам прадэманстравалі сваю грамадзянскую пазіцыю. Для іх гэта быў крок супраціву. Думаю, гэтая ўзнагарода прызначаецца перш за ўсё акцёрам фільма і аўтару музыкі Лявону Вольскаму. Дарэчы, журы асоба адзначыла акцёраў Вінсэнта і Аляксандра Малчанава. Яны не маглі паверыць, што Вінцэнт - не прафесійны акцёр», - заявіў Кшыштаф Лукашэвіч.

Нагадаем, фільм часткова пабудаваны на фактах з жыцця моладзевага актывіста і журналіста Франака Вячоркі.

Ён здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Над карцінай працавалі Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакументальных фільмаў (WFDIF) і французскі Canal+.

Сусветнай дыстрыбуцыяй фільма «Жыве Беларусь!» займаецца італьянская кампанія Intramovies.

Перадпрэм'ерны паказ фільма адбыўся на фестывалі ў Канах у 2012.

Рэжысёр карціны - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты - Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

Галоўную ролю - рок-музыкі Мірона Захаркі - выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінсэнт) Папко. У фільме знялася зорка польскага кіно Караліна Грушка.

У фільме таксама зняўся вядомы беларускі музыка Аляксандр Памідораў і акцёр Анатоль Кот, які пасля здымак трапіў на чорны спіс забароненых у Беларусі акцёраў.

Музыку да «Жыве Беларусь!» напісаў Лявон Вольскі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках