Мінабароны: Верталёт з Літвы парушыў мяжу Беларусі
23- 28.06.2013, 15:23
- 21,435
Грамадзянскі верталёт парушыў паветраную прастору Беларусі з боку Літвы.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
«26 чэрвеня ў 10 гадзін 39 хвілін органамі памежнай службы Рэспублікі Беларусь зафіксаванае парушэнне малапамерным лятальным апаратам дзяржаўнай мяжы Беларусі ў паветранай прасторы з тэрыторыі Літвы на глыбіню да 3 кіламетраў на поўнач ад горада Гродна.
З атрыманнем дадзенай інфармацыі дзяжурныя сілы па супрацьпаветранай абароне ВПС і войскаў СПА былі неадкладна прыведзеныя ў гатоўнасць №1.
Па выніках ідэнтыфікацыі парушальнік класіфікаваны як грамадзянскае паветранае судна», - гаворыцца ў паведамленні.
Аператыўны дзяжурны каманднага пункта ВПС і войскаў СПА ўдакладніў у Цэнтры кантролю паветранай прасторы ВПС Літоўскай Рэспублікі і ў кіраўніка палётаў Менскага раёна палётнай інфармацыі звесткі аб паветраных судах у прымежнай зоне. У выніку ўстаноўленая наяўнасць заяўкі на выкананне палёту верталёта Еўракоптэр-120 па маршруце Вільня - Варшава з часам вылету ў 10.00.
Улічваючы атрыманую інфармацыю, а таксама складаныя метэаўмовы для грамадзянскага паветранага судна і з гуманных меркаванняў, у цэнтры якіх зберажэнне чалавечага жыцця, сродкі супрацьпаветранай абароны ВПС і войскаў СПА ў дачыненні да парушальніка паветранай прасторы не ўжываліся.
«Інфармацыя аб дадзеным інцыдэнце перададзеная ў МЗС Рэспублікі Беларусь для прыняцця адэкватных мер рэагавання», - паведамілі ў Мінабароны.
Фота з Вікіпедыі