Андрэс Херкель: Пытанні палітвязняў у парадку дня
4- 5.06.2013, 13:13
- 23,408
Рада Еўропы не мае намеру абмяжоўвацца толькі патрабаваннем адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.
Пра гэта старшыня маніторынгавага камітэта Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дакладчык па Беларусі Андрэс Херкель заявіў у інтэрв'ю charter97.org.
- Спадар Херкель, як бы вы ахарактарызавалі стан адносін паміж Радай Еўропы і Беларуссю, адзінай еўрапейскай краінай, якая не з'яўляецца сябрам гэтай арганізацыі?
- Рада Еўропы неаднаразова выказвала жаданне бачыць Беларусь у арганізацыі, але ўлады ў Менску далі нам занадта шмат сігналаў аб тым, што яны не падзяляюць каштоўнасці арганізацыі. Дзверы застаюцца адкрытымі, і я не магу сказаць, што Рада Еўропы ізалюе Беларусь. Гэта самаізаляцыя і ключ для яе пераадолення знаходзіцца ў Менску.
- Вы дакладчык ПАРЕ па Беларусі і не маеце права наведваць Беларусь. У той жа час дэпутат Еўрапарламента Юстас Палецкіс прыязджаў у нашу краіну без якіх-небудзь праблем і заявіў, што сітуацыя «палепшылася», нягледзячы на тое, што яна стала горш. Як вы лічыце, чаму адным можна ездзіць у Беларусь, а іншым - не?
- Рыхтуючыся да апошняга візіту я прасіў забяспечыць магчымасць сустрэчы, у тым ліку, і з палітычнымі вязнямі. Ніякага адказу я не атрымаў. Пасля гэтага мяне абвінавацілі ў тым, што мой даклад быў падрыхтаваны без наведвання краіны. У гэтым ёсць лагічная супярэчнасць. Зараз я б хацеў забыць пра мінулае і паспрабаваць пачаць усё нанова.
- У студзені Менск наведала дэлегацыя Рады Еўропы на чале з кіраўніком кабінета Генеральнага сакратара Б'ёрнам Берге. Яны сустрэліся з «дэпутатамі» незаконнага «парламента» і з міністрам замежных спраў, якому забаронены ўезд у Еўропу. Што Рада Еўропы спрабуе дасягнуць з дапамогай такіх закулісных сустрэч?
- Парламенцкая Асамблея не была паінфармаваная загадзя пра візіт спадара Берге. Я зрабіў запыт аб гэтым спадару Торб'ёрну Ягланду падчас студзеньскай частцы сесіі. Пасля гэтага мы таксама абмеркавалі гэтае пытанне ў прыватным парадку. У Менску гэтая паездка называлася візітам на вышэйшым узроўні, але ў Страсбургу так не лічылі. Я лічу, што намеры, якія складаліся ў падтрымцы гатоўнасці супрацоўнічаць з Радай Еўропы былі добрымі. Мы ўсе чакаем іх вынікаў.
- 12 красавіка Прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Жан-Клод Міньён заявіў, што Рада Еўропы змагла бы працягнуць свой дыялог з Беларуссю аб яе ўдзеле ў арганізацыі толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Ці азначае гэта, што Рада Еўропы гатовая аднавіць папярэднюю палітыку «адной умовы», якая раней не мела поспеху?
- Так, увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне з'яўляецца важным і сімвалічным крокам. Але калі «адна ўмова» з'яўляецца папярэдняй для далейшага дыялогу, гэта не азначае, што астатнія пытанні не важныя. Пытанні палітвязняў і правядзення свабодных выбараў застаюцца ў парадку дня. Асабіста я не ў захапленні ад ідэі засяродзіцца на адной праблеме, але яна вынікае з дакумента, які мы прынялі некалькі гадоў таму.
- Калі вы плануеце падрыхтаваць даклад па Беларусі?
- У мяне была неафіцыйная сустрэча з беларускім дыпламатам, і я сказаў, што магу пачакаць некалькі месяцаў для таго, каб наведаць краіну. Я думаю, беларускім уладам патрэбны час для таго, каб разгледзець сітуацыю. Спадзяюся, ім будзе зразумела, што візіт дакладчыка стане пазітыўным сігналам нават у тым выпадку, калі змест яго дакладу будзе крытычным. Між іншым, мы заўсёды рыхтавалі даволі крытычныя справаздачы ў дачыненні да дзяржаў-удзельнікаў, асабліва ў камітэце маніторынгу. Але час ідзе хутка і калі гатоўнасць да дыялогу слабая, то я мог бы пачаць рыхтаваць даклад без наведвання Беларусі. Ён павінен быць гатовы да наступнага года.