17 чэрвеня 2026, Серада, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бернар-Анры Леві: Вясна бывае не толькі арабскай

14
Бернар-Анры Леві: Вясна бывае не толькі арабскай

Пратэсты ў Турцыі - гэта таксама пратэсты супраць еўрапейскай «realpolitik».

Вядомы французскі філосаф, пісьменнік і палітычны дзеяч піша аб прычынах і наступствах пратэстаў у Турцыі.

Артыкул Бернара-Анры Леві апублікаваны ў парыжскім выданні «Le Point». Прыводзім яго тэкст цалкам (пераклад - Inosmi.ru):

- Дзіўна, як гісторыя, бывае, спачатку спатыкаецца і топчацца на месцы, а пасля раптам кідаецца наперад і набірае шалёны тэмп.

Мы гадзіліся з усім, што рабілася апошнія дзесяць гадоў у краіне Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Мы гадзіліся з арыштамі журналістаў і інтэлектуалаў, штодзённай самаўпраўнасцю і тэрорам.

Мы гадзіліся з забаронай на продаж напояў на падставе клопату пра здароўе народа і абвінаваўчымі прысудамі ў блюзнерстве супраць пісьменнікаў, гумарыстаў і піяністаў.

У імя «памяркоўнага ісламізму», які, як меркавалася, прадстаўляў прэм'ер, мы прынялі ўздым антысеміцкай гарачкі і ўпарта, амаль па-вар'яцку адмаўляліся прызнаць генацыд армян усяго за некалькі месяцаў да яго стогадовай гадавіны.

Мы не хацелі заўважаць рэпрэсіі супраць курдаў ды іншых меншасцяў.

Мы адмаўляліся прызнаць, што пакуль Еўропа не нагадала Эрдагану не толькі аб эканамічных, але і палітычных і маральных умовах, якія ставяцца перад кожным прэтэндэнтам на ўступленне, ён павярнуўся спінай да Еўропы і яе каштоўнасцяў.

Мы сказалі сабе, што Анкара вартая імшы, і самі паверылі ў міф пра «мадэль ПСР», якая грунтаваная на дзяржаўным, а значыць кантраляваным і разумным ісламізме і нагадвае трохі больш «сілавую» версію хрысціянскай дэмакратыі ў Італіі ці Нямеччыны.

NATO абавязвае (як зрэшты, скажам шчыра, і трубаправоды з Сярэдняй Азіі, якія, як мы думалі, у адзін цудоўны дзень дазволяць прыбраць руку Масквы з вентыля энэргазабеспячэння еўрапейскіх сталіц), і мы сарамліва закрывалі вочы на ўдушэнне малюсенькай суседняй Арменіі, экспансію ў мусульманскіх рэспубліках былога СССР, бессаромную падтрымку мясцовых князькоў.

Само турэцкае грамадства, мусульманскае грамадства, якое меркавала, што яшчэ стагоддзе таму здолела перамагчы дэманаў радыкальнага ісламізму, бяссільна і пакорліва пазірала (можа быць, яно проста не здолела паверыць сваім вачам) на павольнае, але метадычнае знішчэнне спадчыны Кемаля Атацюрка і ягоных цудоўных цывілізацыйных дасягненняў .

Але вось просты будаўнічы праект (хай сабе і праект сапраўды фараонаўскіх маштабаў) перапоўніў чару трывання і даў штуршок паўстанню, якое наспявала ўжо даўно, але не здолела дабраць слоў, каб сказаць гэта, або знайсці смеласць, каб заявіць пра сябе.

Хто такія дэманстранты з плошчы Таксім і тыя, хто пайшоў іх слядамі ў іншых гарадах краіны?

«Зялёныя», якія пастанавілі выратаваць стогадовыя дрэвы?

Свецкія актывісты, якія разумеюць, што ў іх горадзе і так ужо знаходзіцца некалькі самых прыгожых у свеце мячэцяў, і не зацікаўленыя ў будаўніцтве яшчэ адной на сімвалічным не толькі для пратэстнага руху, але і мірнага суіснавання месцы?

Кемалісты, якія жахнуліся ад думкі аб тым, што замест гэтага дарагога ім культурнага цэнтра Атацюрка ля парка Гэзі з'явіцца гэтая мячэць і гандлёвы цэнтр у выглядзе старой асманскай казармы?

Алевіты, якія разважылі, што пастанова назваць трэці мост праз Басфор імем султана, які праліў столькі іхнай крыві пяць стагоддзяў таму назад Селіма I - гэта чарговае звяно з доўгага ланцуга правакацый і абраз, што перапоўніла ўрэшце чару трывання?

Дэмакраты ўспрынялі гандлёвы і рэлігійны цэнтр новага султана, які пайшоў шляхам «пуцінізаціі» ў яе асманскай версіі, дакладным адлюстраваннем таго самага меркантылізму з ісламісцкім тварам, што ляжыць у аснове рэжыму і з'яўляецца яго самай характэрнай рысай?

На вуліцы выйшлі ўсе гэтыя людзі.

Заслона апусцілася, маскі знятыя.

На ўсеагульны агляду паўстала сапраўднае аблічча дзяржавы, якая амаль 11 гадоў не дае людзям вольна ўздыхнуць, але трымаецца на хвалі выключнага эканамічнага росту, які зрабіў Турцыю дзевятай сусветнай дзяржавай.

Усе зразумелі, што кароль Эрдаган напраўду - голы, а міф аб ягоным усмешлівым ісламізме развеяўся, як міраж.

Бывае не толькі арабская вясна.

Там ёсць, там будзе турэцкая вясна, якую нясе наперад народ студэнтаў, інтэлектуалаў, прадстаўнікоў ліберальных прафесій, прыхільнікаў Еўропы, прыхільнікаў дэмакратыі... Усіх тых, хто шэсць гадоў таму, пасля забойства журналіста Гранта Дзінка, выйшаў на вуліцы пад лозунгам «Мы ўсе армяне».

Рана ці позна Турцыя ўвойдзе ў Еўропу.

Гэта адкрые перспектывы як для самой краіны, так і для загразлай у крызісе Еўропы.

Але для гэтага Турцыі давядзецца аднавіць рух шляхам дэмакратыі.

Ёй трэба будзе няўхільна выконваць нормы прававой дзяржавы і правы чалавека.

Але Эрдаган не ёсць і ніколі не быў тым лідарам, які ёй патрэбен для гэтага.

Ён задавальняў заходнія ўрады з іх рэальнай палітыкай.

Тым не менш, ён стаў ворагам грамадзянскай супольнасці, якая не дазволіць так проста пазбавіць сябе часткі высакароднай гістарычнай спадчыны і сёння кажа яму: «Прэч!»

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках