Сноўдэна вылучаюць на Нобелеўскую прэмію міру
48- 15.07.2013, 11:21
- 12,931
Сябра Каралеўскай акадэміі навук Швецыі Стэфан Свалфорс намінаваў Эдварда Сноўдэна на Нобелеўскую прэмію міру.
Збеглага агента ЦРУ ЗША Эдварда Сноўдэна прапануюць намінаваць на Нобелеўскую прэмію міру. Ліст з такім зместам накіраваў у Нарвежскі нобелеўскі камітэт сябра Каралеўскай акадэміі навук Швецыі і прафесар сацыялогіі ўніверсітэта Умео Стэфан Свалфорс, паведамляе НТВ.
Як перадае BBC, Свалфорс у пасланні паказвае, што «гераічныя намаганні Сноўдэна, прынятыя ў шкоду яго асабістаму становішчу, праліваюць святло на тую шырокую шпіёнскую працу, якую вядуць ЗША». Прафесар кажа, што стараннямі маладога агента «свет стаў лепш і бяспечней».
Праўда, у спісы на прэмію 2013 года Нобелеўскі камітэт ужо не паспявае ўключыць Сноўдэна - яны складаліся аж да 1 лютага. Аднак «ён можа быць уключаны ў спіс на 2014-ы год», паведамляе The Daily Mail.
Між тым расейскія СМІ адзначаюць, што Эдвард Сноўдэн, які другі раз папрасіў палітычнага прытулку ў Расеі, усё яшчэ знаходзіцца ў Шарамеццева, у капсульным гатэлі якога і жыве. Крыніца ў аэрапорце распавяла «Інтэрфаксу», што амерыканец зарэзерваваў там пакой. Аднак часам начуе ў спецыяльным пакоі для адпачынку дзяжурнага персаналу ў транзітнай зоне.
У Шарамеццева арганізавалі ахову для Сноўдэна і распрацавалі спецыяльныя меры для забеспячэння бяспекі амерыканскага агента. Аднак крыніца не ўдакладніла, хто менавіта засцерагае былога цэрэушніка - прыватная ахова ці нехта з сілавікоў.
Дарэчы, ніякіх афіцыйных запытаў ад Сноўдэна ў расейскую міграцыйную службу так да гэтага часу і не паступала. Пра гэта ў чарговы раз заявіў кіраўнік ФМС Канстанцін Рамаданаўскі, падкрэсліўшы, што як толькі падобны зварот з'явіцца, ён будзе разгледжаны ва «ўстаноўленым законам парадку».