26 красавiка 2024, Пятніца, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

22 гады таму пачаўся путч у Савецкім Саюзе

18
22 гады таму пачаўся путч у Савецкім Саюзе

19 жніўня 1991 года група членаў вышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюза ўтварыла Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ДКНС) і паспрабавала захапіць уладу.

Тагачаснага прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова путчысты хацелі ізаляваць на лецішчы ў Крыме, піша «Народная воля».

У 1991 годзе ў ноч з 18 на 19 жніўня прадстаўнікамі вышэйшага кіраўніцтва СССР, нязгоднымі з палітыкай рэформаў Гарбачова і праектам новай Саюзнай дамовы, быў створаны Дзяржаўны Камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР (ДКНС СССР). У яго ўвайшлі віцэ-прэзідэнт СССР Генадзь Янаеў, прэм'ер-міністр Валянцін Паўлаў, міністр унутраных спраў Барыс Пуга, міністр абароны Дзмітрый Язаў, старшыня КДБ Уладзімір Кручкоў, а таксама шэраг іншых уплывовых палітыкаў.

20 жніўня 1991 года змоўшчыкі аб'явілі па радыё і тэлебачанні, што Гарбачоў, які быў ізаляваны на лецішчы ў Крыме, па стане здароўя не можа выконваць абавязкі прэзідэнта, у сувязі з чым паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы пераходзяць да Генадзя Янаева, уводзіцца надзвычайнае становішча ў асобных мясцовасцях СССР на тэрмін 6 месяцаў, а для кіравання краінай утвараецца ДКНС.

Першымі сваімі рашэннямі Камітэт прыпыніў дзейнасць палітычных партый, забараніў правядзенне мітынгаў і выпуск шэрагу газет. Спынілі вяшчанне практычна ўсе праграмы тэлебачання. У буйныя гарады былі ўведзеныя войскі.

Адказам сталі масавыя дэманстрацыі і мітынгі пратэсту ў Маскве, Ленінградзе і шэрагу іншых гарадоў краіны. Супраціў путчыстам узначалілі прэзідэнт РСФСР Барыс Ельцын. Ён падпісаў указ, згодна з якім стварэнне ДКНС было кваліфікаванае як спроба дзяржаўнага перавароту, а саюзныя органы выканаўчай улады, у тым ліку сілавыя структуры, былі перападпарадкаваныя прэзідэнту РСФСР.

20 жніўня ў Маскве была ўведзеная каменданцкая гадзіна. Вакол Дома саветаў РСФСР (Белага дома) сабраліся добраахвотніцкія атрады абаронцаў (каля 60 тысяч чалавек) для абароны будынка ад штурму ўрадавых войскаў. У ноч на 21 жніўня калона баявых машын дэсанту падышла да барыкады каля Белага дома, каля 20 машын прарвалі барыкады на Новым Арбаце, але сур'ёзнага штурму прадпрынята не было. У выніку тых падзей загінулі трое грамадзянскіх асоб.

Раніцай 21 жніўня пачаўся вывад войскаў з Масквы, у 11 гадзін 30 хвілін адбылася надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета РСФСР, на якой Ельцын заявіў пра антыканстытуцыйнасць путчу. Сесія даручыла прэм'ер-міністру РСФСР Івану Сілаеву і віцэ-прэзідэнту РСФСР Аляксандру Руцкаму адправіцца да прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова і вызваліць яго ад ізаляцыі.

22 жніўня Гарбачоў вярнуўся ў Маскву. Змоўшчыкі па загадзе прэзідэнта СССР былі арыштаваныя. Ім было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 64 Крымінальнага кодэкса РСФСР (здрада Радзіме). Шасцёра членаў ДКНС і намеснік міністра абароны генерал арміі Валянцін Варэннікаў, які дапамагаў ім, а таксама шэраг іншых дзеячоў (у тым ліку старшыня Вярхоўнага Савета СССР Анатоль Лук'янаў) былі арыштаваныя па абвінавачванні ў захопе ўлады і дзяржаўнай здрадзе.

23 жніўня указам Барыса Ельцына была прыпыненая дзейнасць кампартыі на тэрыторыі РСФСР (забароненая 6 лістапада 1991 года). На наступны дзень Міхаіл Гарбачоў заявіў пра сыход з пасады генеральнага сакратара ЦК КПСС і звярнуўся да членаў ЦК з заклікам аб самароспуску кампартыі. Дзейнасць саюзных органаў улады апынулася паралізаванай. Рэальны цэнтр улады ў Маскве пачаў перамяшчацца да расейскага кіраўніцтва.

Жнівеньскі крызіс паскорыў працэсы дэзінтэграцыі і наступнага распаду СССР. 8 снежня 1991 года прадстаўнікі РСФСР, Украіны і Беларусі падпісалі дэкларацыю аб стварэнні СНД і канстатавалі распад СССР. Затым і астатнія 11 рэспублік падпісалі пратакол, які фармальна заснаваў СНД.

25 снежня 1991 года Міхаіл Гарбачоў абвясціў аб сваёй адстаўцы з пасады прэзідэнта Саюза і падпісаў Указ аб перадачы кіравання стратэгічнай ядзернай зброяй Прэзідэнту Расеі Барысу Ельцыну, пасля чаго ў Крамлі быў спушчаны чырвоны дзяржаўны сцяг СССР і узняты сцяг РСФСР.

Фота: AFP

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках