3 траўня 2024, Пятніца, 20:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея не збіраецца выдаваць Керымава

81
Расея не збіраецца выдаваць Керымава

Генпракуратура Расеі не збіраецца выдаваць Беларусі расейскага алігарха.

«Пазіцыя Генпракуратуры Расеі па праблеме выдачы сваіх грамадзян за мяжу застаецца нязменнай. У адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй грамадзян РФ за мяжу мы не выдаем», - заявіў «Інтэрфаксу» ў чацвер намеснік генпракурора РФ Аляксандр Звягінцаў, адказваючы на пытанне аб магчымасці выдачы па запыце беларускага боку Керымава.

На ўдакладняючае пытанне, ці можа змяніцца пазіцыя расейскай пракуратуры ў выпадку, калі беларускія калегі прадставяць важкія аргументы, адзін з кіраўнікоў Генпракуратуры адказаў: «Не. Ніякіх выключэнняў, у тым ліку для «саюзных» дзяржаў, мы не робім».

Звягінцаў паведаміў таксама, што падтрымлівае кантакт з беларускімі калегамі па пытанні пра расследаванне справы Керымава.

«У мяне адбылася тэлефонная размова з прадстаўнікамі кіраўніцтва Генпракуратуры Беларусі, праўда, яшчэ да пачатку работы канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі пракурораў», - сказаў намеснік генпракурора.

На гэтым жа форуме ў адным з сваіх выступленняў Звягінцаў уздымаў праблему выдачы і розных яе прававых аспектаў. Ён адзначыў, што Расея карыстаецца ў гэтым пытанні прынцыпам «альбо выдавай, альбо судзі», што азначае, што расейскія ўлады, не выдаючы сваіх грамадзян, тым не менш, гатовыя прыцягнуць да адказнасці асоб, якія здзейснілі злачынствы за мяжой.

Нагадаем, Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Сулейман Керымаў з'яўляецца абвінавачаным па ўжо расследаванай крымінальнай справе ў дачыненні да службовых асоб ЗАТ «БКК». Вынесеныя пастановы аб ужыванні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і абвяшчэнні яго ў вышук. Дзеянні Керымава кваліфікаваныя следствам як арганізацыя злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (п.4 арт.16 і ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Максімальная санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, заявілі ў СК Беларусі.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках