24 красавiка 2024, Серада, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаеды» будуць плаціць штраф $1000 у год?

248
«Дармаеды» будуць плаціць штраф $1000 у год?

Гэтая сума разлічаная зыходзячы з сумы афіцыйнай «мінімалкі» ў 2014 годзе.

А ў казну дзякуючы ініцыятыве ўрада можа паступіць дадатковыя 484 млн даляраў.

Як мінімізаваць страты для свайго кашалька - пра гэта выданню «Заўтра тваёй краіны» распавёў кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

У прапанове кіраўніцтва краіны ўвесці адказнасць за «дармаедства» нямала прававых і этычных калізій, якія ўжо былі агучаныя незалежнымі экспертамі. Але наўрад ці гэта спыніць урад. Вертыкаль улады арыентавана хутчэй на выкананне загадаў звыш, чым на прытрымліванне логіцы закона або стварэнне спрыяльных умоў для вядзення бізнэсу. Вось чаму спадзявацца на скасаванне ініцыятывы не варта.

У чарговы раз пад добрапрыстойнай падставай улады развязваюць свае фінансавыя праблемы за кошт грамадзян. «Дармаедамі» апынуцца як раз не алкаголікі, наркаманы і іншыя маргінальныя групы насельніцтва, а цалкам плацежаздольныя грамадзяне.

«Значная доля з гэтых людзей - гэта, па-першае, так званыя будаўніча-рамонтныя брыгады што будуюць і рамантуюць катэджы і кватэры і гэтак далей. Другая частка гэтага паўмільёна насельніцтва - тыя, хто напаўафіцыйна працуе ў Расеі, але лічыцца тут. І трэцяя частка гэтага насельніцтва, напэўна, меншая, - гэта так званая палітычная апазіцыя, якая атрымлівае грошы за мяжой», - лічыць дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў.

Акрамя агучаных груп, гэта могуць быць тыя, каго ў Расеі называюць крэатыўным класам: архітэктары, дызайнеры, копірайтэры, праграмісты.

У што выльецца ініцыятыва кіраўніцтва краіны для ўсіх гэтых «дармаедаў»? Правядзем разлікі на базе 2014 года. Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі мінімальны заробак вагаўся сёлета ў межах 1.660.000 - 1.756.000 рублёў у месяц. Калі выказаць здагадку, што да канца года «мінімалка» расці не будзе, то з гадавой сумы трэба заплаціць 34% у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), а гэта 7 029 493 рублёў, 1% у пенсійны фонд - 206 750 рублёў, і 12 % падаходнага падатку – 2 480 998 рублёў у год. Сумарна атрымліваецца 9 717 241 рублёў або 968 даляраў.

Нагадаем, што раней урад ініцыяваў падвышэнне стаўкі падаходнага падатку на 1%. З наступнага года яна складзе 13%, што дазволіць ураду дадаткова выключыць у грамадзян 2 249 рублёў. Таксама, згодна з праектам бюджэту на 2015 год, нас чакае значны рост акцызаў, які праз павелічэнне коштаў на цыгарэты, алкаголь і бензін будзе каштаваць беларускім грамадзянам сумарна ў 2 725 млрд рублёў.

Якім чынам можна мінімізаваць ўласныя страты? Першы спосаб - гэта працаўладкаванне на палову ці чвэрць стаўкі. Чым менш доля стаўкі, тым менш плаціць падаткаў у далейшым. Можа падысці нават пасада ахоўніка на 0,1 стаўкі.

Другі спосаб - зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання. У такога варыянту цэлы шэраг добрых якасцяў. Па-першае, ніхто не можа абвінаваціць ІП у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Па-другое, няма неабходнасці плаціць падаходны падатак, а гэта эканомія як мінімум 2 480 998 рублёў у год. Па-трэцяе, у адпаведнасці з заканадаўствам выплачваць адлічэнні ў ФСАН будзе неабходна зыходзячы з афіцыйнай «мінімалкі».

Нарэшце, варта дачакацца афіцыйнай сумы штрафаў для «дармаедаў». Недзяржаўныя СМІ паведамлялі, што распрацаваныя праекты нарматыўных актаў аб увядзенні з 1 студзеня 2015 г. падатку з беспрацоўных у суме 20 базавых велічынь (3 000 000 рублёў). Калі гэта так, то выгадней будзе прызнацца ў «дармаедстве» і заплаціць штраф.

Дарэчы, колькі вы на самой справе плаціце падаткаў са свайго заробку, можна даведацца з дапамогай заробнага калькулятара.

Напісаць каментар 248

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках