26 красавiка 2024, Пятніца, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка ганебна ператварае краіну ў марыянетку»

31
«Лукашэнка ганебна ператварае краіну ў марыянетку»

Рух «За свабоду» выказвае рашучы пратэст супраць удзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе 3 ліпеня.

Сваімі дзеяннямі ўлады Беларусі ганебна і да самазабыцця ператвараюць нашую краіну ў дзяржаву-марыянетку і пляцоўку для дэманстрацыі сілы расейскага мілітарызму, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Запрашэнне расейскага войска на парад у Менску супярэчыць нейтральнаму статусу Беларусі, ставіць пад пагрозу стабільнасць і дабрабыт беларускага народа, пагражае рэгіянальнай бяспецы.

Расейскія сцягі і чорна-аранжавыя стужкі ў сённяшняй Еўропе і ва ўсім свеце атаясамліваюцца з агрэсіяй супраць суседняй з Беларуссю суверэннай дзяржавы - Украіны. Расейская парадная калона сёння можа азначаць наўпроставую акупацыю заўтра. Гэта таксама вядзе да ўцягвання беларусаў у вайну супраць брацкага ўкраінскага народа.

Нейтральная Беларусь павінна шанаваць сваё войска, захоўваць гістарычную памяць і шанаваць урокі Другой Сусветнай вайны. А гэтыя ўрокі сведчаць пра тое, што нельга гуляць у небяспечныя гульні з агрэсарам.

Рух «За свабоду» дапускае ўдзел у парадах у нейтральнай Беларусі вайскоўцаў з іншых добразычлівых краін. Такія парады павінны ўмацоўваць рэгіянальную бяспеку і паразуменне. На іх варта запрашаць прадстаўнікоў усіх суседніх краін - Украіны, Польшчы, Латвіі, Літвы, Расеі, а таксама дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі.

«Мы разумеем, што такія парады сёння немагчымыя ў аўтарытарнай напалову ізаляванай ад цывілізаванага свету Беларусі. Таму мы падзяляем справядлівае абурэнне многіх беларусаў прысутнасцю расейскіх вайскоўцаў, тэхнікі і сімволікі на вуліцах сталіцы нашай краіны.

Мы заклікае грамадзян Беларусі памятаць пра ўрокі гісторыі і рабіць усё патрэбнае, каб Беларусь стала нейтральнай дзяржавай, якая будуе прыязныя стасункі з усімі суседзямі» - гаворыцца ў заяве руху.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках