Украіна ўвяла спецыяльныя мыты на беларускія прадукты
80- 16.07.2014, 11:28
- 63,541
Украіна ўвяла спецыяльныя мыты на пастаўку беларускіх малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў ды піва.
Гэта зроблена ў адказ на дыскрымінацыйныя непрыязныя дзеянні з боку Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчавання, піша УНІАН.
Адпаведную пастанову прыняла Міжміністэрская камісія міжнароднага гандлю.
У прыватнасці, на малако, вяршкі, ёгурты, кефір, сметанковае масла, а таксама на кандытарскія вырабы з цукру, шакалад і мучныя прысмакі, што імпартуюцца з Беларусі, уводзіцца мыта ў суме 55,29% ад мытнага кошту гэтай прадукцыі.
Для беларускага соладавага піва Украіна ўводзіць мыты ў суме 60,05% ад мытнага кошту.
Спецыяльныя мыты будуць ужывацца да названых тавараў да 31 снежня 2016 года.
Пастанова камісіі ўваходзіць у дзеянне праз 10 дзён з моманту яе апублікавання.
Нагадаем, з 1 траўня Беларусь увяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюза. Украінскія вытворцы піва назвалі гэта дыскрымінацыйнымі мерамі і паведамілі, што ў Беларусі ад іх запатрабавалі павысіць раздробны кошт сваёй прадукцыі больш чым удвая, што аўтаматычна робіць украінскае піва неканкурэнтаздольным на беларускім рынку. Аналагічныя захады Беларусь ужыла і да ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў.
Фота: krmagazine.ru