26 красавiка 2024, Пятніца, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белтэлекам» аб блакаванні charter97.org: Без камэнтароў

17
«Белтэлекам» аб блакаванні charter97.org: Без камэнтароў

Карыстальнікі па-ранейшаму адзначаюць праблемы з доступам да сайта charter97.org.

15 жніўня сайт быў заблакаваны на ўсёй тэрыторыі Беларусі на працягу некалькіх гадзін. Праблемы з доступам маюць кліенты byfly, «Атлант Тэлекам», «Космас ТБ», Velcom, МТС, Life, «Белінфанэт» і шмат якіх драбнейшых інтэрнэт-правайдэраў.

Прэс-сакратар «Белтэлекама» Андрэй Абраменка на пытанне «Радыё Свабода», з чым звязаныя праблемы з доступам да сайта, адказаў: «Без камэнтароў».

Аднак намесніца дырэктара Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам Вольга Агеенка паведаміла журналістам наступнае:

«Карыстальнікі з тэрыторыі Беларусі, у якіх быў недаступны сайт Хартыя'97, - гэта практычна ўсе кліенты «Белтэлекама». «Белтэлекам» сам мае выхад на міжнародныя сеткі сувязі і стасункі з міжнароднымі аператарамі, што даюць яму доступ да інтэрнэту, які ён дае карыстальнікам Беларусі. 99% карыстальнікаў Беларусі - гэта кліенты «Белтэлекама».

У нас канчатковых карыстальнікаў няма. Мы не працуем з фізічнымі асобамі. Нашы карыстальнікі не скардзіліся».

НЦАТ наўпрост падпарадкоўваецца Аперацыйна-аналітычнаму цэнтру пры адміністрацыі Лукашэнкі. Гэтая структура адказная за з'яўленне ў Беларусі «чорнага спісу» рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны ў дзяржаўных установах, установах культуры і адукацыі. Сярод іншых у яго трапілі рэсурсы: Хартыя'97, электронны абменнік валют «Пракаповіч», блог Яўгена Ліпковіча ў «Жывым дзённіку», сайт праваабарончага цэнтра «Вясна».

Прадстаўнік ААЦ паведаміў, што яны «не займаюцца такімі пытаннямі», і параіў звярнуцца ў дзяржаўную інспекцыю электрасувязі.

Раней гэтая ж установа, адказваючы на такі ж запыт праваабаронцы Валянціна Стэфановіча ў дачыненні да блакавання рэсурсу ПЦ «Вясна» ў дзяржаўных установах, заявіла наступнае: «Нарматыўнымі прававымі актамі не рэгламентаваны паўнамоцтвы РУП БелДІЭ ў распаўсюджванні інфармацыі аб ідэнтыфікатарах інтэрнэт-рэсурсаў, якія знаходзяцца ў спісе абмежаванага доступу».

Charter97.org трапіла ў «чорны спіс» з ініцыятыва Генэральнай пракуратуры Беларусі. Пра гэта стала вядома 11 красавіка 2011 года. У той дзень на брыфінгу начальнік управы нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры Павел Радзівонаў паведаміў, што «на названых сайтах змяшчалася інфармацыя, якая не адпавядае заканадаўству. У прыватнасці - заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях».

Прадстаўніца Генэральнай пракуратуры паведаміла «Радыё Свабода», што да сённяшніх праблемах з доступам установа не мае ніякага дачынення.

Прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх на пытанне, ці мае КДБ дачыненне да ўчорашніх праблем з доступам да сайта, адказаў: «Не».

Памочнік міністра сувязі і інфарматызацыі Наталля Аляшкевіч мяркуе, што ў выпадку праблем у кліентаў byfly трэба звяртацца ў «Белтэлекам»: «Наша міністэрства да гэтага дачынення не мае. Калі мы гаворым пра аператара byfly, то трэба звяртацца да «Белтэлекама» і прасіць камэнтар у іх».

Праблемы з доступам пачаліся пад 18:00 14 жніўня. Наведнікі паведамлялі ў рэдакцыю, што не могуць зайсці на сайт з Беларусі, але пры выкарыстанні проксі сайт быў даступны. Расследаванне паказала, што блакаванне ўсталяванае на шлюзе дзяржаўнай сеткі перадачы звестак «Белпак» (структурная філія РУП "Белтэлекам"), праз якую да інтэрнэту далучаныя астатнія правайдэры.

Раней рэдакцыя charter97.org паведамляла, што расейскі магістральны аператар сувязі Ростелеком унёс charter97.org у чорны спіс, дзеля чаго доступ да charter97.org знік для ўсіх карыстальнікаў. Але разблакаваць доступ да сайта з Беларусі здалелі на працягу некалькіх гадзін. Роскомнадзор унёс некалькі артыкулаў charter97.org у «чорны спіс».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках