26 красавiка 2024, Пятніца, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Возера Балдук абараняюць ад будоўлі БПЦ

12
Возера Балдук абараняюць ад будоўлі БПЦ

Прыгожаму возеру Беларусі пагражае загуба праз забудову паўночнага берага.

Мясцовыя жыхары і прадстаўнікі экалагічных арганізацый ГА «Экадом» і «Зялёная сетка» звернуцца ў адказныя арганізацыі з прапановамі для абароны возера Балдук і прылеглых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый - такая пастанова была прынятая на сходзе 24 жніўня ў вёсцы Вайшкуны, у якім прынялі ўдзел, у тым ліку, і прадстаўнікі Нацпарка «Нарачанскі». Пра гэта сайту charter97.org паведаміла эколаг Таццяна Новікава.

Прапановы, што накіроўваюцца дзяржаўным арганізацыям і забудоўнікам, павінны будуць спрыяць развязанню вострых праблем: недапушчальнай для адчувальнай экасістэмы возера Балдук забудовы паўночнага берага, уключаючы збудаванне праваслаўнай царквы, падворка і лагера гатэльных комплексаў сядзібнага тыпу, ад чаго ўзрасце забруджванне з боку турыстычнай стаянкі, экалагічнай катастрофы на азёрах Швакшты і рацэ Страча.

Шэраг экалагічных бедстваў, на думку эколагаў і мясцовых жыхароў, выкліканы неналежным кіраваннем асабліва ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі з боку Нацпарка «Нарачанскі». Так, на думку прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы «Балдук» Ігара Пастухова і Анатоля Лоўкеса, на турыстычнай стаянцы з боку паўднёвага берага возера ў сезон адначасова адпачываюць ад 60 да 180 чалавек, у той час як спецыялісты НАН РБ рэкамендавалі Нацпарку абмежаваць аднаразовае знаходжанне ў выходны дзень 30-цю асобамі. На стаянцы знаходзіцца 4 біяпрыбіральні, што паводле дзейных санітарных норм недастаткова для абслугоўвання турыстаў, якія знаходзяцца на стаянцы. Такое сістэматычнае парушэнне рэжыму аховы гэтых прыродных тэрыторый можа прычыніцца не толькі да высокага забруджвання, але і да згубы ўнікальнага возера Балдук, - адзначыла прадстаўніца ГА «Экадом» Таццяна Новікава.

Што ж да азёр Швакшты і ракі Страча, то, паводле інфармацыі мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў згаданых экалагічных арганізацый, прычынай экалагічнай катастрофы на адным з азёраў стаў эксперымент Нацпарка «Нарачанскі» зарыблення аднаго з азёр відамі-інтрадуцэнтамі - таўсталобікам і белым Амурам. У выніку развядзення рыбы і яе адлову электратраламі ў возеры знікла расліннасць і яно дэградавала - цяпер там размнажаецца таксічная сіне-зялёная водарасць. Гэта экалагічнае бедства закранула і раку Страча. Сход паўторна запатрабуе ад Нацпарка развязання гэтай праблемы.

Сход даручыў таксама ініцыятыўнай групе «Балдук» запатрабаваць генпланы вёсак Войшкуны і Станчык, паколькі з інфармацыі, атрыманай групай ад мясцовых уладаў, вынікае, што выдзяленне зямельных надзелаў у гэтых вёсках праводзілася без архітэктурных планаў з парушэннем заканадаўства.

Яшчэ адное парушэнне дзейных норм і Орхускай канвенцыі - гэта адмова ініцыятара будаўніцтва царквы праводзіць грамадскія абмеркаванні для ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекта царквы. Аднак не так даўно з адказу Віцебскага аблвыканкама мясцовым жыхарам стала вядома, што разам з царквой плануецца пабудаваць падворак і дзіцячы лагер больш, чым на 100 чалавек. Эколагі запатрабуюць комплекснай АУНА гэтых аб'ектаў і іх грамадскага абмеркавання, уключаючы слуханні, паколькі ўсе яны плануюцца паблізу возера, якое і без таго пакутуе ад высокай антрапагеннай нагрузкі.

Акрамя крытыкі ў адрас Нацпарка і мясцовых уладаў, на сходзе прагучалі прапановы супрацоўніцтва для развязання праблем. Так, чалец рады ГА "Экадом" Таццяна Новікава прапанавала ідэю стварэння на месцы існай турыстычнай стаянкі сезоннага экалагічнага летніка без стацыянарнай інфраструктуры, з біятуалетамі, сонечнымі батарэямі і іншымі экалагічна прыязнымі сістэмамі жыццезабеспячэння. Прыклады такіх летнікаў сёння можна сустрэць у іншых краінах, гэта, у прыватнасці, «Востраў», пад Кіевам. У стварэнні і арганізацыі такога летніка, на яе думку, маглі б удзельнічаць як экалагічныя арганізацыі «Экадом» і «Зялёная сетка», так і Нацпарк, і праваслаўная моладзь. Гэты летнік дазволіў бы развязаць адразу некалькі праблем - зрабіў бы паводзіны турыстаў экалагічна бяспечным і спрыяў бы асвеце і аздараўленню дзяцей і дарослых. Сход даручыў групе «Балдук» распрацаваць гэтую ідэю, а прадстаўнік Нацпарка Аляксандр Каваленя ўхваліў яе.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках