26 красавiка 2024, Пятніца, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што трэба ведаць аб дзеяннях Пуціна ў Сірыі

4
Што трэба ведаць аб дзеяннях Пуціна ў Сірыі
Лілія Шоўцава

Пуцін спрабуе праплысці паміж тымі ж скаламі, пра якія разбіўся СССР.

«Што Расея задумала ў Сірыі? Звыклыя адказы - што Уладзімір Пуцін хоча атрымаць новую сферу ўплыву, што ён хоча адцягнуць увагу ад Украіны ці ж рашуча настроены выратаваць шкуру сірыйскага прэзідэнта Башара Асада - па сутнасці, азначаюць, што Пуцін жыве ў альтэрнатыўнай рэальнасці. Не трэба так ахвотна ў гэта верыць. Менавіта неахайны аналіз і фальшывыя прагнозы затуманьвалі мысленне Захаду вось ужо два дзесяцігоддзі», - піша расейскі палітолаг Лілія Шаўцова ў сваёй калонцы для Financial Times (пераклад -«Новое время»).

Яна распавядае, што заходнія лідары памыляліся вельмі часта: спачатку яны не здолелі прадказаць распад СССР і нават паспрабавалі ўтрымаць яго, калі ён пачаў развальвацца. Затым яны назвалі Ельцына дэмакратам, а яго пераемніка Пуціна - мадэрнізатарам. Яны патрацілі мільярды на прасоўванне рэформ, перш чым пачалі падазраваць, што іх даляры ідуць на ўмацаванне аўтарытарнага рэжыму ў Расеі. Затым Захад заклікаў да перазагрузкі, нягледзячы на настроі ў РФ, а затым быў шакаваны вайной у Грузіі і паралізаваны ўварваннем ва Украіну і анэксіяй Крыма.

«А цяпер у Сірыі, дзе Пуцін рэзка павялічыў колькасць расейскіх жаўнераў, танкаў і знішчальнікаў, здольных прыйсці на дапамогу Асаду, а на гэтым тыдні запусціў і крылатыя ракеты. І заходні аналіз яго дзеянняў мала што тлумачыць», - заўважае Шаўцова.

Яна пачынае з пункта аб імкненні Пуціна ўзмацніць ролю РФ як звышдзяржавы. На думку палітолага, для гэтага неспрыяльны момант і месца - расейская эканоміка перажывае няпростыя часы, а поспех у Сірыі зусім не гарантаваны. Яна дадае, што ёсць значна менш затратныя спосабы адцягнення ўвагі ад Украіны, і не ў апошнюю чаргу таму, што ўвесь астатні свет і рады адвярнуцца. А для таго, каб адцягнуць расейцаў ад фінансавых бед, ужо сапраўды не трэба было далучаць іх у справу Асада (вельмі магчыма, што безнадзейную). Шаўцова падкрэслівае, што Пуцін - гэта не камікадзэ.

«Каб зразумець дзеянні Крамля, трэба паглядзець на Расею з пункту гледжання яе дзяржаўных інстытуцый і людзей, якія іх кантралююць. Якія б магутныя яны ні былі, ёсць дзве сілы, ад якіх залежыць іх улада», - тлумачыць Шаўцова.

«З аднаго боку ёсць расейская эліта, якая жыве на рэнту, чый дабрабыт будзе не шмат каштаваць, калі яна пазбавіцца магчымасці марнаваць грошы на Захадзе. З іншага боку, ёсць вялікая маса расейцаў, якія звыкліся быць спажыўцамі, а не пешкамі ў вялікім сутыкненні цывілізацый», - пералічвае палітолаг. Яна дадае, што прадстаўнікі рэпрэсіўных органаў, якія актыўна прыватызавалі разнастайную ўласнасць, таксама не будуць занадта ўжо актыўна абараняць рэжым.

«Некаторы час Пуцін спрабаваў выжываць, імітуючы лібералізм у РФ. Затым, калі ў 2011-2012 расейцы выйшлі на вуліцы, ён вярнуўся да ідэі абложанай крэпасці, заснаванай на вайскова-патрыятычнай легітымнасці, - кажа Шаўцова, - але ўкраінскі эксперымент паказаў, што і гэтая ідэя асуджаная. Халодная вайна вялася куды большымі рэсурсамі і пры падтрымцы ідэалагічна ўстойлівага насельніцтва. У Крамля цяпер няма ні таго, ні іншага».

Шаўцова кажа, што сірыйская авантура - спроба знайсці баланс паміж ідэяй абложанай крэпасці і супрацоўніцтвам з Захадам. Яна мяркуе, што цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад чорна-белай карціны свету, якая існавала падчас халоднай вайны - гэта свет хітрыкаў і сітуацыйных альянсаў.

«Пуцін спрабуе праплысці паміж тымі ж скаламі, аб якія ў свой час разбіўся Савецкі Саюз. І гэтую ментальнасць Захад змяніць не зможа, і, калі ён працягне верыць міфам і не зможа зразумець ментальнасць Расеі, вынік будзе драматычным», - заключае Шаўцова.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках