29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

30-годдзе «Талакі» адзначаць у Менску выставай

30-годдзе «Талакі» адзначаць у Менску выставай
ФОТА: NN.BY

22 снежня а 18 гадзіне ў менскай кнігарні «Галіяфы» адкрыецца выстава да 30-годдзя вядомай арганізацыі «Талака».

Арганізатар выставы Цэнтр даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі прадэманструе на ёй 100 фотаздымкаў Уладзіміра Сапагова. На вечары, прымеркаваным да адкрыцця выставы, выступяць удзельнікі гістарычных падзей і сябры фатографа.

Кіраўніца Цэнтра даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі Паліна Сцепаненка распавяла «Радыё Свабода» пра мэту выставы:

«Мы хочам актуалізаваць праблему страчаных архіваў, бо Сапагоў быў фоталетапісцам нацыянальна-арыентаваных моладзевых рухаў 80-х гадоў. Вельмі важна, што гэты год - юбілейны для найбольш масавага моладзевага аб'яднання і яшчэ ў гэтым годзе споўнілася б 50 гадоў Сяргею Вітушку, памяць аб якім мы хацелі б ушанаваць падчас гэтай імпрэзы. Бо там шмат фатаграфій народных святаў з ягоным удзелам».

Чым цікавыя фатаграфіі Уладзіміра Сапагова для сённяшніх наведвальнікаў выставы?

«Яны паказваюць, якім было тады жыццё, нацыянальны ўздым канца 80-х - пачатку 90-х гадоў, бо цяпер шмат змрочных міфаў, якія трэба разбураць. Сапагоў сам быў удзельнікам гэтага адраджэнскага руху і фіксаваў тое, у чым асабіста браў удзел. Гэта першая пасмяротная выстава Сапагова, але шмат ягоных фотаздымкаў сталі ўжо хрэстаматыйнымі. Здымкі былі выратаваны ягоным сябрам Міхаілам Мякішам», - кажа Паліна Сцепаненка.

Уладзімір Сапагоў - прафесійны фатограф, нарадзіўся ў Берасцейскай вобласці, дзе выхоўваўся ў дзіцячым доме. Потым вучыўся ў Маскве, быў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, пасля чаго вярнуўся ў Менск, працаваў на «Беларусьфільме» і фатографам на Менскім трактарным заводзе. Памёр ад інсульту ў 2012 годзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках