26 красавiка 2024, Пятніца, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Норман Дэвіс: Міфалагізацыя вайны - інструмент Крамля для кіравання народам

7
Норман Дэвіс: Міфалагізацыя вайны - інструмент Крамля для кіравання народам

У Расеі перамога СССР над нацысцкай Нямеччынай з'яўляецца падмуркам свецкай дзяржаўнай рэлігіі, на якую абапіраецца ўся ідэалогія дзяржавы.

Вядомы брытанска-польскі гісторык Норман Дэвіс распавёў у аўторак у Маскве менавіта пра гэтыя міфы. Аб гэтым піша Вацлаў Радзівіновіч, маскоўскі карэспандэнт выдання «Gazeta Wyborcza» (пераклад - charter97.org).

Тэму лекцыі Нормана Дэвіса ў польскай амбасадзе арганізатары вызначылі як: «Хто перамог у Другой сусветнай вайне?». Сам гісторык напачатку падкрэсліў, што ён тэму фармулюе трошкі па-іншаму: «Хто перамог у Другой сусветнай вайне? Не Брытанія».

У той момант ягоныя расейскія калегі моцна здзівіліся. Бо для іх зразумела, што перамог СССР, Чырвонае войска, а брытанцы бралі ўдзел у бітвах з Гітлерам, але гэта быў не такі значны ўдзел, значыць няма пра што і казаць».

Гісторыкі ў Расеі гатовыя спрачацца пра тое, што ў іх называецца Вялікай айчыннай вайной толькі адным спосабам - супрацьстаяць даследчыкам, якія аспрэчваюць ролю іхняй няіснай радзімы ў распляжванні нацыстаў. Для іх кожны ківок на тое, што ў гісторыі вайны і яе наступстваў СССР належаць не толькі белыя старонкі - гэта абраза вартасцяў.

Менавіта таму ў Маскве з'яўляюцца ідэі ўвесці крымінальную адказнасць для тых, хто аспрэчвае вызначальны ўнёсак Савецкага Саюза ў перамогу ці абвінавачвае чальцоў антыгітлераўскай кааліцыі ў тым, што паміж вераснем 1939 і траўнем 1945 яны ўчынілі ваенныя злачынствы і тых, хто сумняваецца ў справядлівасці пастаноў Нюрнбэржскага суду.

У Расеі перамога СССР над нацысцкай Нямеччынай з'яўляецца падмуркам свецкай дзяржаўнай рэлігіі, на якой абапіраецца ўся ідэалогія дзяржавы. А Дэвіс казаў паміж іншым і пра такія міфы, як хаця б тое, што Другая сусветная вайна пачалася для СССР не з нямецкага нападу 22 чэрвеня 1941 года, бо Сталін далучыўся да яе - і як хаўруснік Гітлера - 17 верасня 1939 года. А што да ваенных злачынстваў, то гісторык нагадаў пра сотні тысяч ахвяраў паветраных налётаў хаўруснікаў на нямецкія гарады ў канцы вайны і аб 20 тысячах польскіх афіцэраў, узятых у савецкі палон у верасні 1939 года і забітых НКВД.

На думку Дэвіса, Брытанія саступіла ў вайне, у выніку чаго страціла імперыю. Саступіла і Польшча, бо панесла вялікія ахвяры, а яе жаўнеры з самага пачатку вайны і да яе канца змагаліся з Гітлерам на ўсіх франтах.

Дэвіс нагадаў таксама пра тое, што насуперак таму, што сёння гаворыцца ў Расеі, украінцы наогул не супрацоўнічалі з гітлераўцамі. Ён звярнуў увагу на факт, што хоць украінцы з'яўляюцца вялікім народам, немцы здолелі стварыць з іх толькі адзін аддзел Waffen SS, тады як з іншых народаў часам стваралі нават некалькі. На баку Нямеччыны было больш расейцаў - хоць бы ў брыгадзе SS Расейскай вызваленчай народнай арміі, якая здушыла Варшаўскае паўстанне, або войска генерала Андрэя Уласава.

Трэба прызнаць, што брытанец, згодна сістэме ацэнак, дзейнай у Расеі, «ганіў і бэсціў». А ягоныя расейскія калегі, вядома, наважылі яму гэта падказаць. Гэта была свайго кшталту спрэчка навукоўца са святарамі дзяржаўнай рэлігіі.

Ірына Веліканава з Музея сучаснай гісторыі Расеі пераконвала, што для яе суайчыннікаў перамога «святая», шмат якія сем'і захоўваюць лісты «ад дзядоў з фронту як рэліквіі».

Спрэчка расейскіх дзяржаўных гісторыкаў з Дэвісам у нейкі момант перайшла ў вострую дыскусію. Прафесарка Інэса Яжуроўская і Андрэй Зубаў нагадалі сваім антаганістам, што тыя павінны знайсці смеласць і сумленна паглядзець на факты, якія даследуюць.

Сам навуковец пасля сустрэчы сказаў польскім журналістам пра тое, што гісторык павінен быць адважным, а не культываваць міфы.

Гэтая тэарэтычна правільная формула, аднак, не стане ў Расеі практыкай. Міфалогія вайны з'яўляецца для Крамля, як сёння выяўляецца, вельмі карысным інструментам кіравання народам. Дзякуючы ёй без вялікага намагання здолелі пераканаць расейцаў у тым, што ва Украіне валадарыць фашызм, які падтрымліваецца варожым Захадам. Дзякуючы ёй можна мабілізаваць людзей і пераканаць іх у тым, што ў імя барацьбы з фашызмам трэба пагадзіцца на ахвяры, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, а калі трэба будзе, то і гінуць на фронце.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках