25 красавiка 2024, Чацвер, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзесяцікласнік з Баранавічаў прайшоў адбор у гішпанскі футбольны клуб

3
Дзесяцікласнік з Баранавічаў прайшоў адбор у гішпанскі футбольны клуб

Беларус Міраслаў Хлебасолаў паўтара месяца стажыраваўся ў футбольным клубе «Левантэ» у Гішпаніі.

Пасля заканчэння дзесятага класа ў Баранавічах ён прадоўжыць адукацыю ў клубнай акадэміі футбола ў горадзе Буньёль, што за 40 кіламетраў ад Валенсіі, піша Intex-press.

Тое, што найстарэйшы футбольны клуб гішпанскага горада, які ўтварыўся яшчэ ў 1909 годзе, запрасіў на прагляд 16-гадовага футбаліста з Беларусі, кажа пра многае. Але здзіўляцца асабліва няма чаму. Ужо ў 2011 годзе наш юны зямляк уважаўся за найлепшага бамбардзіра на рэспубліканскіх турнірах у футболе і міні-футболе, а таксама быў у ліку самых актыўных гульцоў.

Сям'я Хлебасолавых - гэта ўжо футбольная дынастыя. Бацька Міраслава, Андрэй, у футболе вельмі вядомая асоба, прычым не толькі як гулец, але і як трэнер, і кіраўнік футбольных клубаў. У вышэйшай лізе за мікашэвіцкі "Граніт" гуляе і старэйшы брат Міраслава, Зміцер.

Дырэктар ДЮСШ №5 Уладзімір Крывакоў распавёў, што Міраслаў вельмі здольны, больш за тое, таленавіты хлопец, ён заўсёды вылучаўся сярод сваіх аднагодкаў.

- Вельмі перспектыўны малады гулец, - дадаў дырэктар ДЮСШ.

Несумненна, сваімі поспехамі ў гэтым тыпе спорту Міраслаў, які з 16 гадоў гуляе за футбольны клуб «Баранавічы», шмат у чым абавязаны свайму бацьку, старэйшаму трэнеру клуба. У «Левантэ» «прыцэньваліся» не толькі да яго. На праглядзе быў таксама малады футбаліст з Марока, паказвалі свае здольнасці і дзеці з іншых краін.

Жылі маладыя футбалісты на спартыўнай базе за 15 хвілін язды ад Валенсіі па 4-5 чалавек у пакоі. Горад, са слоў Міраслава, па-сапраўднаму паглядзець не атрымалася, але прырода ў Гішпаніі вельмі ўражвае. Ну а муніцыпальны гарадок, у якім яму трэба будзе вучыцца, вядомы яшчэ і тым, што менавіта там штогод адбываюцца баі таматамі.

Са слоў Міраслава, у «Левантэ» гуляць за асноўны склад ён пакуль не будзе, гэта стане магчымым, калі наступіць паўналецце. Клуб, як было сказана вышэй, мае шматгадовую гісторыю. Здаралася, ён нават перамагаў «Рэал Мадрыд», у 2012-2013 гадах дабраўся да 1/8 фіналу Лігі Еўропы, у гэтым годзе ў канцы лютага на чэмпіянаце Гішпаніі адолеў «Гранаду».

Што да мовы, то ў школе ў Міраслава замежная акурат гішпанская мова, што крыху спрашчае стасункі і спрыяе ўдасканаленню ў вывучэнні.

29 сакавіка Міраслаў адправіцца на зборы ў Менск, дзе будзе трэніравацца ў складзе юнацкай зборнай Беларусі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках