27 красавiка 2024, Субота, 13:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Белавежская пушча стане бязвізавай з 9 ліпеня

8
Белавежская пушча стане бязвізавай з 9 ліпеня

Прыехаць у Белавежскую пушчу без беларускай візы з 9 ліпеня зможа любы замежнік.

9 сакавіку Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №115 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». Гэты незвычайны дакумент зрабіў частку краіны ўнікальнай ў сусветным маштабе - бязвізавай тэрыторыяй, паведамляе «Еўрарадыё».

Хто зможа прыехаць у Белавежскую пушчу без візы?

Любы замежны грамадзянін, які мае пры сабе пашпарт. «Падставай для ўезду паслужаць дакументы, якія пацвярджаюць заказ (аплату) турыстычных паслуг у Нацыянальным парку «Белавежская пушча». У Дзяржаўным памежным камітэце Еўрарадыё ўдакладнілі, што працэдура будзе такая ж, як і ў час чэмпіянату свету ў хакеі. Тады, нагадаем, у Беларусь можна было прыехаць, паказаўшы памежніку білет на хакейны матч. На тэрыторыю Белавежскай пушчы будуць пускаць пасля падачы аплачанага тура або рэзервацыі жылля ў беларускай частцы пушчы.

Як можна трапіць туды?

Прыехаць у Беларусь без візы можна будзе толькі праз адзін пункт пропуску - Перароў-Белавежа. Ён знаходзіцца ў самой пушчы, перасякаць мяжу тут можна толькі на ровары або пешшу. Адлегласць да Пружанаў - 45 кіламетраў, да Камянца - 40, да Бельска-Падляскага - 48. На аўтамабілі не пусцяць - яго давядзецца пакінуць у Польшчы.

Як доўга можна будзе знаходзіцца ў Беларусі без візы і ці можна выязджаць за межы Белавежскай пушчы.

72 гадзіны, ці 3 дні. Так прапісана ў тэксце Указа. Фіксаваць час прыезду ў Беларусь будуць памежнікі. Тэарэтычна гэтага часу цалкам дастаткова, каб даехаць да Віцебска і своечасова вярнуцца назад. На практыцы гэтае пытанне пакуль не вырашанае. У памежным камітэце кажуць, што цяпер займаюцца гэтым пытаннем: «У нас ёсць досвед працы падчас чэмпіянату і дастаткова сродкаў, каб кантраляваць перамяшчэння прыезджых. Аднак пакуль я не магу вам дакладна сказаць, ці змогуць турысты без віз паехаць з пушчы ў Камянец або Берасце . Указ падпісаны, мы цяпер распрацоўваем дадатковыя правілы».

Складанасцяў памежнікам дадае тое, што Белавежская пушча мае даволі ўмоўныя межы, а выезды з яе не кантралююцца. У камітэце кажуць, што памежнікі будуць падрабязна тлумачыць турыстам, куды ім можна паехаць, а куды не.

Навошта гэта зроблена?

«Галоўнай мэтай Указа з'яўляецца развіццё транспамежнага турызму і больш эфектыўнага выкарыстання... патэнцыялу ўнікальнага прыроднага комплексу... З 150 тысяч турыстаў, якія штогод наведваюць польскую частку Белавежскай пушчы, значная колькасць турыстаў выказвае жаданне адначасова наведаць і беларускі Нацыянальны парк», - гаворыцца ў афіцыйным тлумачэнні да Указа №115. І сціпла паведамляецца, што ў планах зарабіць на замежных турыстах дадатковыя 27,4 мільярда рублёў.

Калі запрацуе бязвізавы рэжым?

Праз тры месяцы пасля падпісання Указа. Гэта значыць, ужо з 9 ліпеня.

Колькі каштуе рэзервацыя турыстычных паслуг у Белавежскай пушчы?

У беларускай частцы пушчы цяпер працуе адзін вялікі гатэль і некалькі прыватных аграсядзібаў. Арандаваць можна як асобны пакой, так і ўвесь будынак. Кошты ад 16 еўра за «невялікую этнокомнатку» да 150 еўра за вялікі дом пасярод лесу. У дзень. Нумар-люкс у гатэлі «Каменюкі» каштуе блізу 50 еўра. Кошт беларускай візы, нагадаем, для жыхароў ЕЗ 60 еўра.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках