Палітвязня Статкевіча чакае новы суд
60- 14.04.2015, 7:48
- 43,062
Мікалаю Статкевічу пагражае ўзмацненне жорсткасці рэжыму.
Пра гэта напісала позна ўвечары 13 красавіка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» жонка палітвязня і былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Марына Адамовіч.
«Мікалая Статкевіча чакае новы суд. Адміністрацыя калоніі наважыла, што ён настолькі «не стаў на шлях выпраўлення», і «мае намер весці злачынны лад жыцця», што ягонае далейшае ўтрыманне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае», - паведаміла яна.
9 красавіка камісія папраўчай калоніі №17 Шклова, дзе ўтрымліваецца Мікалай Статкевіч, «прыняла пастанову адправіць яго на турэмны рэжым да канца тэрміну». «Калі суд, мне невядома. Якія-небудзь падрабязнасці таксама. Ведаю адно, што на сёння ў яго 13 спагнанняў, з якіх 10 - за адмову ад працы», - піша Марына Адамовіч.
Цяпер, паводле яе звестак, Мікалай Статкевіч утрымліваецца ў памяшканні камернага тыпу, дзе няма дзённага святла, а на шпацыр адводзіцца паўгадзіны ў дзень.
Пра тое, што адміністрацыя калоніі ўзмацніла ціск на апазіцыйнага палітыка, стала вядома ў пачатку красавіка, калі толькі за адзін тыдзень на яго склалі восем актаў нібыта за парушэнне рэжыму. Палітвязень быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання, якое ў іх планавалася ў гэтым месяцы і прадуктовай перадачы, правёў трое сутак у штрафным ізалятары, а 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).
Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку.