29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Нельга скасоўваць санкцыі, пакуль ёсць палітвязні

6
Алесь Бяляцкі: Нельга скасоўваць санкцыі, пакуль ёсць палітвязні
Фотa: DELFI

Беларускія палітвязні змогуць выйсці на свабоду толькі праз жорсткую пазіцыю Захаду.

16 красавіка кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі разам з адмысловым дакладчыкам ААН аб Беларусі Міклашам Харашці ўзяў удзел у пасяджэнні падкамітэту па правах чалавека Еўрапарламента. Праваабаронца заклікаў ЕЗ працягваць ціск на беларускія ўлады, піша сайт ПЦ "Вясна".

Напачатку свайго выступу Алесь Бяляцкі падзякаваў Еўрапарламенту за грамадскіх і палітычных актывістаў Беларусі і прынамсі, тым, хто трапляў цягам апошніх гадоў пад кола рэпрэсій. "Рэзалюцыі Парламента Еўрапейскага Звязу, дзе таксама згадвалася і маё імя, з'яўляюцца вельмі важнымі для абмежавання тых рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі", - сказаў ён.

Праваабаронца пры гэтым нагадаў, што апошнім разам выступаў у Еўрапарламенце ў ліпені 2011 года, яго выступ быў прысвечаны крытычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года (амаль 50 чалавек сядзела ў турме за ўдзел у выбарах, у тым ліку некалькі кандыдатаў у прэзідэнты), пасля чаго літаральна праз два тыдні ён апынуўся ў турме. "І дастаткова жорсткая пазіцыя Еўразвяза ў дачыненні да таго, што адбывалася ў Беларусі, прыняцце пакета перш за ўсё палітычных санкцый супраць тых, хто масава парушаў правы чалавека ў краіне, адыгралі сваю ролю, бо літаральна ў жніўні 2011 года амаль 40 чалавек былі вызваленыя", - падкрэсліў ён.

"Я мяркую, што той пакет санкцый, які быў прыняты ў 2011-м годзе, застаецца актуальным да таго часу, пакуль у Беларусі застаюцца палітычныя зняволеныя", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі, асобна адзначыўшы, што ў турме па-ранейшаму знаходзіцца адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, маючы на ўвазе Мікалая Статкевіча. "У лістападзе гэтага года ў нас чарговая выбарчая кампанія, а са старымі праблемамі беларускія ўлады не разабраліся. Таму я мяркую, што не трэба скасоўваць санкцыі", - паўтарыў праваабаронца.

Гаворачы аб існай сітуацыі, кіраўнік "Вясны" адзначыў пагаршэнне ў галіне правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, распавёў пра выпадкі пераследу незалежных журналістаў і праваабаронцаў, адзначыў, што з прыняццем Дэкрэта №3 прадаўжаецца наступ на сацыяльна-эканамічныя правы грамадзян, што праваабаронцы разглядаюць у агульным імкненні ўладаў кантраляваць грамадства.

Гэтую тэндэнцыю Алесь Бяляцкі назваў "рэсавецізацыяй" краіны і адзначыў, што на гэтым змрочным фоне назіраецца "аптымістычная рыторыка" ўладаў у дачыненні да Еўразвязу. "Нейкія рэверансы, абяцанні, падміргванні - імітацыя наладжвання кантактаў. Відавочна, што Міністэрству замежных спраў дадзены загад наладжваць стасункі з Еўразвязам усякай цаной - па-першае, перад выбарамі, каб змякчыць ацэнку будучай прэзідэнцкай кампаніі, па-другое, у пошуках сродкаў (паколькі той эканамічнай дапамогі, якую Беларусь атрымлівала ад Расеі, цяпер недастаткова), каб пазбегнуць эканамічнага краху.

Але ці прывядзе такая дапамога да рэформаў у Беларусі ці пойдзе на ўмацаванне рэжыму? Гэтае пытанне нас турбуе больш за ўсё, - падкрэсліў Алесь Бяляцкі. - Мы мяркуем, што без удзелу грамадзянскай супольнасці ў гэтым працэсе, без кантролю над зменамі, якія адбываюцца ў Беларусі, гэтыя сродкі будуць, вядома ж, скарыстаныя на ўмацаванне беларускага рэжыму".

Праваабаронца звярнуў увагу еўрадэпутатаў на тое, што з умацаваннем пазіцыі Лукашэнкі ўмацоўваецца і пазіцыя Пуціна, бо яны з'яўляюцца найбліжэйшымі хаўруснікамі. "І ўсё хаўрусы, якія ствараліся Расеяй і Беларуссю, накіраваныя на стварэнне процівагі Еўрапейскаму Звязу. Таму мы прапануем у гэтай сітуацыі не верыць словам беларускага рэжыму, больш звяртаць увагу на яго справы, і ва ўсіх кантактах, якія пачасціліся апошнім часам, падымаць пытанні дэмакратызацыі, рэструктурызацыі, глыбінных зменаў, бо ў іншым выпадку гэтыя кантакты будуць на карысць беларускаму рэжыму, але ніяк не паскораць змены ў беларускім грамадстве", - сказаў Бяляцкі.

Таксама ён падкрэсліў важнасць развязання візавага пытання - зніжэння коштаў візаў, а ў далейшым і ўвядзення бязвізавага рэжыму для беларусаў.

У канцы свайго выступу праваабаронца выказаў надзею, што ўмацаванне кантактаў з афіцыйным Менскам ні якім чынам не "паспрыяе" таму, што каштоўнасныя праблемы, праблемы правоў чалавека адыдуць на задні план у стасунках паміж ЕЗ і Беларуссю.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках