26 красавiка 2024, Пятніца, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўракамісару Хану нагадалі пра беларускіх палітвязняў

3
Еўракамісару Хану нагадалі пра беларускіх палітвязняў
Ёханэс Хан
ФОТА: ANADOLU AGENCY/GETTY IMAGES

Ёханэс Хан 16 красавіка сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі ў Менску.

У сустрэчы ўдзельнічалі лідары Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўніца аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова і палітык Уладзімір Някляеў, піша БелаПАН.

На сустрэчы было агаворана, што яе ўдзельнікі не стануць цытаваць канкрэтныя заявы адзін аднаго.

«Была адкрытая і сумленная размова. Ёханэс Хан не толькі арыентуецца ў падзеях, якія тычацца Беларусі, але і разумее пагрозы і выклікі, якія стаяць перад беларускім грамадствам і дзяржавай. Гэта пазітыўны знак», - заявіў Янукевіч.

Паводле яго слоў, падымаліся пытанні пагрозы незалежнасці Беларусі, сітуацыі ў рэгіёне, праблема палітвязняў, пытанні дыялогу паміж уладамі Беларусі і ЕЗ, а таксама прагаворваліся магчымыя сцэнары развіцця падзей на прэзідэнцкіх выбарах гэтага года.

«Думаю, візіт еўракамісара звязаны не толькі з азнаямленнем з сітуацыяй у Беларусі. Імаверна, паводле вынікаў візіту будуць зробленыя і рэкамендацыі, што рабіць з Беларуссю ў рамках праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства, - заявіў Лябедзька. - Цяпер ідзе ацэнка эфектыўнасці Усходняга партнёрства, абмяркоўваецца, якой будзе далей стратэгія развіцця гэтага праекта. Хутчэй за ўсё, варта чакаць, што будзе рознахуткаснай інтэграцыя ў рамках УП, і мы там не лідары, а аўтсайдары».

Лябедзька адзначыў, што на сустрэчы рабіў акцэнт на «рызыках і пагрозах звонку, прынамсі, паўзучай пуцінізацыі з Усходу і азербайджанізацыі з Захаду».

«Паўзучая пуцінізацыя - гэта распаўсюд сцэнару на ўсходзе Украіны на Беларусь, пра гэта трэба казаць, хай пакуль гэта і здаецца малаімаверным. Азербайджанізацыя можа ўзнікнуць, калі Захад зробіць памылку і пойдзе на прызнанне легітымнасці вынікаў прэзідэнцкай кампаніі. Гэта тупіковы шлях», - растлумачыў ён.

Някляеў паведаміў, што планаваў адмовіцца ад удзелу ў сустрэчы з еўракамісарам, бо больш не прадстаўляе ніякія апазіцыйныя структуры. «На гэта было сказана, што аб маім выхадзе з апазіцыі ў прадстаўніцтве ЕЗ ведаюць, і для іх цалкам дастаткова, калі я буду прадстаўляць на сустрэчы Уладзіміра Някляева - грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Так што сустрэча выйшла трохбаковая: прадстаўнік ЕЗ еўракамісар Ёханэс Хан, прадстаўнікі беларускай апазіцыі і прадстаўнік грамадзянскай супольнасці Уладзімір Някляеў», - сказаў ён.

Са слоў Някляева, «грамадзянская супольнасць на сустрэчы ў такім фармаце прадстаўленая пасля 2010 года ўпершыню». «Я мяркую, што гэта вельмі своечасовы і правільны крок з боку Еўразвязу. Удзельнікамі такіх перамоваў не могуць быць толькі ўлада і апазіцыя, інтарэсы якіх, асабліва інтарэсы ўлады, далёка не ва ўсім супадаюць з інтарэсамі грамадства - і нават супярэчаць ім. Скажам, імкненне Лукашэнкі ўсякімі спосабамі застацца ва ўладзе, зусім не з'яўляецца галоўнай цікавасцю грамадства. Галоўная цікавасць грамадства - развіццё, якое б забяспечыла дабрабыт народа, кожнага грамадзяніна», - сказаў ён.

Някляеў, адзначыў, што на сустрэчы казаў пра тое, што падтрымлівае палітыку ЕЗ, накіраваную на дыялог з Беларуссю. «Але нельга весці дыялог так, каб выгаду з яго мела толькі ўлада. Каб грамадству гэта нічога не давала, акрамя дэкрэтаў, паводле якіх улада, выціскаючы з народу апошнія сокі, абкладае падаткамі нават тых, каго сама, звальняючыся людзей, скарачаючы працоўныя месцы, зрабіла беспрацоўнымі - і назвала «дармаедамі». І каб нават палітвязні паводле вынікаў гэтага дыялогу не мелі надзеі на свабоду. Дык пра што тады дыялог? Пра палітыку садзейнічання? Чаму і каму? А што тычыцца майго права прадстаўляць на палітычным узроўні беларускае грамадства, то сотні тысяч грамадзян Беларусі, якія падтрымалі мяне на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах і падтрымліваюць цяпер, даюць мне такое права», - сказаў ён.

Галоўнай мэтай візіту Ёханэса Хана ў Менск 16-17 красавіка з'яўляецца вывучэнне магчымасці паляпшэння стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю. «Візіт адбудзецца ў рамках наведвання камісарам усіх шасці краін Усходняга партнёрства напярэдадні рыжскага саміта», - паведаміла прадстаўніцтва ЕЗ.

Апошні раз еўракамісар у пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства наведваў Беларусь у 2010 годзе. Штэфан Фюле, які займаў тады гэтую пасаду, двойчы прылятаў у Менск - у ліпені і лістападзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках