Заява аб банкруцтве «Дэльта Банка» пададзеная ў суд
1- 25.04.2015, 17:07
- 134,840
У Вярхоўны суд Беларусі была пададзеная заява аб банкруцтве беларускага «Дэльта Банка».
Інфармацыя пра гэта з'явілася на сайце банка.
«24 красавіка 2015 у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пададзеная заява аб банкруцтве ЗАТ «Дэльта Банк». Копія заявы накіраваная ўсім крэдыторам банка ў адпаведнасці з устаноўленай заканадаўствам працэдурай.
Пасля распачынання Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь справы аб банкруцтве банка крэдыторы будуць праінфармаваныя дадаткова шляхам публікацыі інфармацыі на афіцыйным сайце ЗАТ «Дэльта Банк» і ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі», - гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, 12 сакавіка ў «Дэльта Банк» была ўведзеная часовая адміністрацыя. А ўжо 18 сакавіка банк пазбавіўся сваёй ліцэнзіі праз «невыканання асобных ліцэнзійных патрабаванняў, а таксама стварэнне фінансавага становішча, якое пацягнула невыкананне банкам сваіх абавязанняў перад укладчыкамі ды іншымі крэдыторамі».
На момант адклікання ліцэнзіі свае сродкі ў «Дэльта Банку» захоўвалі 14 тысяч чалавек. Паводле закону, усе дэпазіты фізічных асоб выплачваюцца ў поўнай суме. Гэты працэс ужо ідзе.