Стэфановіч: Статкевіча прымушаюць напісаць прашэнне аб памілаванні
8- 6.04.2015, 18:02
- 19,983
Улады ўзмацняюць ціск на палітвязня.
Значнае ўзмацненне ціску на Мікалая Статкевіча звязанае са словамі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Статкевіч не хоча выходзіць з турмы сам, мяркуе намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
За апошні тыдзень палітвязню Мікалаю Статкевічу, які адбывае пакаранне ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17, вынеслі шэраг спагнанняў, склалі восем актаў. Як паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое планавалася ў красавіку, і харчовай перадачы. Акрамя таго, Статкевіча змясцілі ў штрафны ізалятар, а 3 красавіка - перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу.
Сітуацыю з узмацненнем ціску на вязня сумлення Мікалая Статкевіча сайту palitviazni.info пракаментаваў намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
«Значнае ўзмацненне ціску на Мікалая Статкевіча супала са словамі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Статкевіч не хоча выходзіць з турмы сам. Што ўсе палітвязні, хто хацеў выйсці з турмы, ужо выйшлі, - мяркуе Стэфановіч. - Цяпер задача адміністрацыі калоніі складаецца ў тым, каб Статкевіч захацеў выйсці, г.зн. дамагчыся напісання ім прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі».
Стэфановіч мяркуе, што цяпер беларускім грамадскім арганізацыям трэба прыкласці як мага больш намаганняў для ціску на беларускія ўлады з мэтай вызвалення ўсіх палітвязняў.
«Мы расцэньваем гэта як недапушчальны ціск, звязаны менавіта з палітычным характарам асуджэння Мікалая Статкевіча, і нагадваем, што беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі настойваюць на неадкладным і безумоўным вызваленні Статкевіча», - заявіў праваабаронца.
«Цяпер вельмі ўдалы час, каб звярнуць увагу міжнародных арганізацый на тое, што адбываецца ў Беларусі, бо ў траўні Беларусь будзе праходзіць другі раўнд працэдуры пад назвай «універсальны перыядычны агляд» у Радзе правоў чалавека ААН», - мяркуе Стэфановіч.