4 снежня 2024, Серада, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнікаў «Мотавела» ды «Ялізава» арыштавалі: заводам пагражае нацыяналізацыя

50
Уладальнікаў «Мотавела» ды «Ялізава» арыштавалі: заводам пагражае нацыяналізацыя

У дачыненні да першых асоб ATEC Holding і менскага мотавелазавода заведзеная крымінальная справа.

Некаторыя з іх затрыманы. У выніку ўлады могуць вярнуць ва ўлонне дзяржавы "Мотавела" і шклозавод "Ялізава", кантрольны пакет акцый у якім таксама належыць ATEC Holding. Пра гэта tut.by распавялі некалькі інфармаваных крыніц.

У 2007 годзе зарэгістраваны ў Аўстрыі ATEC Holding набыў "Мотавела" за 15,6 млрд рублёў. Акрамя таго, аўстрыйская кампанія, падкантрольная братам Мураўёвым і іх расейскім партнёрам, паабяцала захаваць гандлёвую марку "Мотавела" і спецыялізацыю завода для вырабу мота- і велатэхнікі, за пяць гадоў укласці ў развіццё кампаніі не менш за 20 млн даляраў і да 2012 года наладзіць выпуск 500 тысяч ровараў і 30 тысяч матацыклаў на год. Акрамя таго, трэба было сплаціць запазычанасці прадпрыемства перад бюджэтам (у тым ліку крэдыт на 18,3 млрд рублёў).

6 верасні 2013 Аляксандр Лукашэнка наведаў завод і запатрабаваў безумоўнага выканання планаў для развіцця "Мотавела". Аднак, як паведамілі прэзідэнту, інвестарам у статутны фонд таварыства сапраўды ўкладзена больш як 20 млн даляраў, але толькі невялікая частка гэтай сумы была накіраваная на развіццё вытворчасці. Акрамя таго, не ўся тэрыторыя прадпрыемства задзейнічаная пад вытворчасць, як было дамоўлена, і блізу чвэрці плошчаў здаецца ў арэнду. Што да аб'ёмаў, то і тут бізнэс-план не выкананы, канстатаваў тагачасны старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Паводле ягоных слоў, дасягненне запланаваных паказчыкаў ссоўваецца як мінімум на 2017 год.

Старшыня назіральнай рады групы кампаній АТЕС Аляксандр Мураўёў патлумачыў сітуацыю, якая склалася шэрагам аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын эканамічнага характару. Ён адзначыў, што такія брэнды, як AIST і MINSK, аднаўляюць былы аўтарытэт і паступова зноў становяцца вядомымі на замежных рынках. Мураўёў запэўніў кіраўніка дзяржавы ў здольнасці ў найбліжэйшыя гады рэалізаваць пастаўленыя задачы і звярнуўся па падтрымку аб растэрміноўцы для вяртання крэдытаў. Паводле звестак Мінфіна, у 2013 годзе прыбытак ААТ "Мотавела" склаў 340 млрд рублёў, чысты прыбытак - 2,9 млрд, крэдытныя пазыкі - 190 млрд. Лукашэнка пагадзіўся апошні раз падставіць плячук бізнэсоўцу ў выглядзе растэрміновак за раней выдадзеныя крэдыты.

За мінулы час Мураўёў стаў актыўна прасоўваць не толькі сваю прадукцыю, але і здаваць пустыя плошчы завода ў арэнду, стварыўшы тэхнаполіс "Мотавела". "Зададзеныя аб'ёмы - гэта фікцыя. Былую моц менскаму заводу ўжо не вярнуць. Калі, вядома, не ўвесці загараджальныя бар'еры на ўвоз імпартных ровараў. Але не трэба гэтага рабіць. Рынак моцна змяніўся з савецкіх часоў. Саша усё правільна зрабіў, правёў рэструктурызацыю прадпрыемства, падзяліў ўсе падраздзяленні на асобныя кірункі. Выпускае столькі ровараў, колькі можа прадаць. Сумежныя прадпрыемствы выйшлі на аўтсорсінг. На тых плошчах, што пуставалі, ён зрабіў рамонт і здае ў арэнду", - распавёў знаёмы Мураўёва.

[09:46:56] Іна Мудрачэнка: У інфармацыйным полі "Мотавела" глядзелася цалкам прэзентабельна. Чаго не скажаш пра іншыя вытворчасці, створаныя з удзелам АТЕС Holding. У траўні 2014 года Эканамічны суд Гомельскай вобласці распачаў справа аб эканамічнай неплатаздольнасці СЗАТ "Гомельскі шклатарны завод". У мінулым годзе справа аб банкруцтве была распачатая таксама ў дачыненні да ЗТАА "Яліпак", якая займаецца выпускам упакоўкі. Ужо ў пачатку 2015 Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці распачаў чарговую справу аб банкруцтве прадпрыемства, у якое інвеставаў ATEC, - лідскага вытворцы бутэлек СЗАТ "Белеўратара".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, надоечы Лукашэнка даручыў правесці праверку ўсёй дзейнасці братоў Мураўёвых пасля таго, як работнікі шклозавода "Ялізава" сталі біць у набат. 14 траўня ў друкаваным органе адміністрацыі Лукашэнкі - газеце "Савецкая Беларусь" - выйшаў артыкул пра тое, што на шклозаводзе не працуюць два цэхі з трох. Праз пазыкі (за газ - 8 млн даляраў) збіраліся спыніць і апошні працоўны цэх, але тады з цэхам можна было б "закрываць" і пасёлак Ялізава, дзе шклозавод з'яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Мураўёў наракаў на высокі кошт газу для завода ў параўнанні з расейскімі канкурэнтамі і прапаноўваў увесці часовыя забаронныя захады на ўвоз шклотары з Расеі.

Ужо блізу месяца братоў Мураўёвых і іх кампаніі правяраюць сілавікі. "Распачатая справа. Галоўныя фігуранты, Мураўёў і кіраўніцтва кампаній, затрыманыя. Іх падазраюць у вывадзе капіталу", - сказала крыніца. Паводле ацэнак суразмоўцаў, сума шкоды ацэньваецца пад 20 млн даляраў.

Памочніца Мураўёва адмовілася ад каментароў. У прэс-службе КДБ не маюць інфармацыі аб затрыманні бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва і ягоных партнёраў.

Інфармаваныя крыніцы сцвярджаюць, што ўлады гатовыя нацыяналізаваць "Мотавела", павялічыць дзель у "Ялізава", а крымінальная справа і парушэнне умоў інвестыцыйнай дамовы - "добрыя падставы для таго, каб правесці гэты працэс бязбольна". Дарэчы, вышэйзгаданага Мікалая Ладуцьку цяпер называюць кандыдатам нумар адзін на пасаду кіраўніка "Мотавела". Ён, дарэчы, змяніў Мураўёва на пасадзе старшыні Беларускай федэрацыі веласпорту.

Былы мэр Менска не быў ахвочы даваць каментары. У Дзяржкамітэце маёмасці сказалі, што не чулі пра тое, што дзяржава рыхтуецца стаць уласнікам "Мотавела". На самім жа заводзе "Мотавела" адмовіліся ад каментароў.

Экспэрты не выключаюць, што аднаго прыватніка на заводзе зменіць іншы. У 2006 годзе дзяржава ўжо вяртала ў свае рукі мотавелазавод, каб праз год прадаць інвестарам. Гісторыі ўласціва спіральнае развіццё...

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках