4 траўня 2024, Субота, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі правялі мітынг на рынку ў Магілёве

2
Прадпрымальнікі правялі мітынг на рынку ў Магілёве
ФОТА: SVABODA.ORG

У Магілёве дзясяткі прадпрымальнікаў сабраліся на найбуйнейшым рынку горада - Віленскім.

Прадстаўнікоў адміністрацыі рынку і ўладаў на прадпрымальніцкім сходзе заўважана не было. Самі бізнэсоўцы выказаліся за прыпыненне ўказу №222 і за мараторый на праверкі, паведамляе «Радыё Свабода».

Некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў сабраліся каля ўваходу на рынак. За спінамі тых, хто адважыўся выказаць нязгоду з указам №222, - вялікая пляцоўка, на якой да 1 студзеня выстаўляліся гандлёвыя палаткі.

Цяпер яна пустуе. Сваю незадаволенасць прадпрымальнікі выказвалі журналістам недзяржаўных СМІ. Бізнэсоўцы заявілі, што сабраліся, каб іх пачула ўладу.

«Цяпер вельмі складаная эканамічная сітуацыя ў краіне, таму нам, прадпрымальнікам, трэба палёгку даваць, каб, хоць неяк эканоміку падтрымаць», - заявіў першы з выступоўцаў.

«Але нас не чуюць, - сказаў бізнэсовец журналістам і сваім калегам. - Мы не можам канкураваць з буйнымі бізнэсмэнамі, у якіх ёсць грошы. Для таго каб зрабіць усе дакументы, трэба мець вялікае абарачэнне. Мы зарабляем сабе на хлеб. У дзяржавы не просім дапамогі. А да таго ж плацім немалыя падаткі. У кожнага з нас па два пенсіянеры на шыі. Двум пенсіянерам плацім пенсіі».

З выказванняў прадпрымальнікаў вынікала, што калі не будзе скасаваны ўказ Лукашэнкі, то краіна вернецца ў часы дэфіцыту. На іх думку, зноў расквітнее чорны рынак, людзі будуць выязджаць за мяжу і апранацца там, вывозячы з Беларусі валюту. Бізнэсоўцы падкрэслілі, што ўлада пазбаўляе людзей выбару, дзе ім апранацца.

«Чалавек мае права сам выбраць, дзе яму купляць тавар. Прыйсці на рынак, альбо ў супермаркетах, альбо ў дарагім буціку. Увядзенне сертыфікацыі ў разы павялічыць кошт тавару. Мы не супраць плаціць падаткі. Мы хочам працаваць», - выказаўся яшчэ адзін прадпрымальнік.

На ягоную думку, указ 222 вядзе да разбурэння бізнэсу многіх гандляроў на рынках. Знайсці іншы занятак у Беларусі будзе няпроста:

«Вы самі ведаеце, якія справы цяпер з працай у Беларусі. Не працуюць прадпрыемствы. Хтосьці «адпачывае» за свой кошт. Дзесьці на дзве траціны адправілі людзей у адпачынак».

«Першае, што неабходна, - гэта ўвесці мараторый на праверкі хоць бы на найбліжэйшыя паўгода і прыпыніць дзеянне ўказу 222», - канкрэтызавалі свае чаканні ад улады магілёўскія прадпрымальнікі.

Прадпрымальнікі не супраць, як яны заявілі, працаваць з беларускім таварам, але ён дарагі. Акрамя таго, улада не выканала абяцанні стварыць аптовыя базы для закупкі тавару прадпрымальнікамі.

«Нам прапануюць беларускі тавар тым коштам, якім мы прадаём прывазны. Таму нявыгадна закупляць тавар на беларускіх аптовых складах. На сённяшні дзень беларускі тавар не канкурэнтаздольны», - заявілі прадпрымальнікі на сваім сходзе.

У апошнія гады назіраецца падзенне спажывецкай актыўнасці. У людзей няма грошай, каб купляць патрэбныя ім рэчы, адзначылі гандляры Віленскага рынку.

Пакуль прадпрымальнікі праводзілі сход, нямала наведвальнікаў рынку збянтэжана аглядалі яго, не разумеючы, чаму няма гандлёвых намётаў.

«Я прыйшла купіць дачцэ пухавічок, - здзіўлена адрэагавала на пустэчу на рынку сталага веку жанчына. - Што гэта робіцца? Як жа пазачыняліся? Нам рынак вельмі падабаўся. Вялікі выбар тавару быў, і кошты даступныя. Як для такіх, як я, пенсіянераў. Жыццё без такіх рынкаў зменіцца ў горшы бок. Калі трэба, мы гатовыя каму трэба пісаць. Толькі скажыце каму, каб адкрылі гэты рынак», - сказала наведвальніца Віленскага рынку.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2016 г беларускія ІП масава спынілі гандаль. З гэтай даты, згодна з указам Лукашэнкі, прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Да 1 студзеня 2016 года ім надавалася права рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных да 1 ліпеня 2014 года ў Беларусь без суправаджальных дакументаў, паводле зарэгістраваных у падатковых органах вопісах рэшткаў.

500 прадпрымальнікаў рынку ў Полацку апоўдні 16 кастрычніка пачалі страйкаваць на знак пратэсту супраць масавых праверак, якія праводзяць супрацоўнікі падатковай інспекцыі і АБЭЗ. Сустрэча з адміністрацыяй не прынесла вынікаў. У раённай падатковай інспекцыі прадпрымальнікаў папярэдзілі пра тое, што праверкі прадоўжацца. Полацкія ІП не выключаюць новых акцый пратэсту.

З пачатку студзеня 2016 года на пустуючых рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі праходзяць стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках