На рынках і ў гандлёвых цэнтрах - стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў
80- 5.01.2016, 14:06
- 69,120
Напярэдадні антыкрызіснага форуму ІП праводзяць сходы ў пустых гандлёвых цэнтрах.
Бізнэсоўцы не згодныя з указам №222, які, як яны сцвярджаюць, не дае магчымасці гандляваць нехарчовымі таварамі краін Мытнага саюза, збяруцца на сур'ёзны антыкрызісны форум 11 студзеня.
Сёння ж прадпрымальнікі з'едуцца на мясцовыя сходы ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Эвіком», у гомельскім «Сакрэце», на найбуйнейшым рынку Магілёва «Віленскі». Там прадпрымальнікі хочуць абмеркаваць свае праблемы, падрыхтаваць улёткі з тлумачэннямі сваёй пазіцыі пакупнікам і зварот да ўладаў. Так бы мовіць, «вызначыць, як далей жыць».
Старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка ў інтэрв'ю для «Радыё Свабода» кажа, што мае дачыненне толькі да падрыхтоўкі антыкрызіснага форуму, а мясцовыя сходы - ініцыятывы саміх прадпрымальнікаў, якія не каардынуюцца «зверху».
«Гэта самі прадпрымальнікі! І гэта тое, пра што мы папярэджвалі ўлады. Тое, што далей будзе адбывацца, гэта цікавыя моманты, на якія трэба хутчэй рэагаваць. Гэта ўсё можа набыць стыхійны характар. Я ведаю, што сёння ў Берасці нашы актывісты будуць працаваць з тэлеканалам АНТ, у Гомелі будзе а 11 гадзіне сустрэча з прэсай... Адзінае, што мы робім, гэта арганізуем антыкрызісны форум і маніторам сітуацыю, трымаем сувязь з усімі. А што ў галаве чалавека, мы не ведаем», - сцвярджае Анатоль Шумчанка.
«Гэта галоўная пагроза для цяперашніх уладаў. Бо змагацца з арганізаваным пратэстам яны навучыліся. А змагацца са стыхійным пратэстам - вось гэта для іх вельмі сур'ёзная праблема». Магчыма, тэлеканал ОНТ дасць слова і самому Шумчанку падчас сустрэчы ў менскім гандлёвым цэнтры «Еўропа», - прадаўжае лідар ГА «Перспектыва».
Днём 4 студзеня Шумчанка тэлефанаваў намесніцы міністра эканомікі Ірыне Касцевіч, з якой паўгадзіны абмяркоўваў сітуацыю з пратэстамі прадпрымальнікаў. Паводле вынікаў размовы ў яго склалася ўражанне, што ўлады «не хочуць прызнаваць сваю памылку».
«Я пачаў з таго, што, маўляў, паглядзіце: рынкі пустыя, гандлёвыя цэнтры пустыя - трэба нешта рабіць, спыняць гэтае бязмежжа. У адказ я пачуў: «былі навагоднія святы, выхадныя ў краіне, з чаго вы ўзялі, што нешта адбылося?» Натуральна, мяне гэта збянтэжыла, таму я спытаў у адказ: колькі вам трэба часу, каб вы заўважылі праблему?» - распавядае Анатоль Шумчанка.
«Потым, вядома, была размова на падвышаных нотах. Мне казалі, што юрыдычныя асобы патрабуюць роўных умоў (з індывідуальнымі прадпрымальнікамі). Я казаў, што індывідуальныя прадпрымальнікі ў цяперашніх умовах працаваць не могуць, неабходна тэрмінова развязваць гэтую праблему. Развязваць не «нейкім там чынам», а канкрэтна, напрыклад, увесці мараторый на паўгода (на ўказы №222 і 666) і за гэты час прыняць кампрамісную пастанову, якая задаволіць усе бакі», - разважае старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва».
«Паўгадзіны размаўлялі, даказвалі нешта адзін аднаму. Іх пазіцыя такая: чаму такі народ непанятлівы, маўляў, давалі паўтара-два гады на перабудову бізнэсу, а прадпрымальнікі нічога не зрабілі. Я кажу: іншага народа няма, такія людзі. Яна адказвае: калі няма, калі не могуць перабудавацца, то можа трэба чымсьці іншым займацца? Кажу, што іншым таксама асабліва не зоймешся... Мне здаецца, трэба па-іншаму паставіць пытанне: ці трэба ствараць умовы, каб бізнэс працаваў, а не вынішчаць яго», - прадаўжае свой аповед Анатоль Шумчанка.
«У канцы гутаркі яна сказала, што перажывае і заклапочаная гэтай сітуацыяй. Але я так зразумеў, што пакуль не будзе каманды зверху, ніхто нічога рабіць не будзе. Паводле нашай інфармацыі з рэгіёнаў, падатковыя інспектары прасілі прадпрымальнікаў, каб яны пісалі заявы, быццам яны ў адпачынку. У мяне такое пытанне: я не разумею, гэта ўлады займаюцца самазаспакаеннем? Яны хочуць кагосьці падмануць? Яны, перш за ўсё, падманваюць саміх сябе, думаючы, што людзі нібыта ў адпачынках», - абураецца лідар сталічных прадпрымальнікаў.
«Я яшчэ раз хачу заявіць: людзі прыпынілі сваю працу праз немагчымасць выконваць законы, якія прыдумалі чыноўнікі. Кропка! Тое, што яны не працавалі першыя два выхадныя дні, гэта сур'ёзны сігнал. Тое, што я казаў Касцевіч: для вас выхадныя - для нас працоўныя дні. Яшчэ адно сведчанне сур'ёзнасці сітуацыі - аб'ёмы вывезенага тавару. Пустыя гандлёвыя аб'екты без тавараў ва ўсёй краіне. Не ўсе прадаўцы, вядома, паспелі вывезці тавар, але многія. Якія яшчэ довады вар’яцтва, бязладзіцы патрэбныя нашым чыноўнікам? Што, толькі калі людзі на вуліцы выйдуць, тады для іх будзе паказчык небяспекі сітуацыі? Дык яны ж самі першыя крычаць, што трэба цывілізавана развязваць пытанні...», - сказаў на заканчэнне Анатоль Шумчанка.
Нагадваем, што 11 студзеня адбудзецца форум, на якім ІП самі прымуць пастанову аб сваіх далейшых дзеяннях.