На Кальцова ў Мінску зносяць двухпавярхоўкі
2- 12.10.2026, 20:00
Замест іх там пабудуюць мнагакватэрныя дамы.
У Мінску грунтоўна ўзяліся за аб’екты, якія ў розныя перыяды часу былі асуджаныя да зносу: будынкі, збудаванні, прыватная забудова і гэтак далей. Адна за адной праводзіцца чарговая «зачыстка». Нядаўна яна пачалася ў раёне вуліцы Кальцова. Тут замест кучкі двухпавярховак плануецца пабудаваць цэлы квартал мнагакватэрных дамоў. І гэты план ужо пачалі рэалізоўваць, піша «Онлайнер».
Вялікі кавалак малапавярховай забудовы знаходзіцца ў межах вуліц Кальцова, Шыракай, Усходняй і Лагойскага тракта. Пераважна гэта двухпавярхоўкі, пабудаваныя ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х. Многія з іх жылыя, а некаторыя выкарыстоўваюцца пад офісы і канторы. Мінулым годам прайшло грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта, паводле якога 25 аб’ектаў у гэтым раёне, што вычарпалі сябе, прапаноўвалася знесці. Мінула не так шмат часу, і задуманае ўжо ажыццяўляецца.

Першымі пад бульдозер пайшлі будынкі на скрыжаванні вуліц Кальцова і Крамскога. Сараі, гаражы і іншыя пабудовы зносяцца на фоне больш сучасных «братоў».
Якой будзе ў перспектыве ўся гэтая тэрыторыя? Асвойваць яе будуць паэтапна. Некалькі дзясяткаў двухпавярховых дамоў павінны саступіць месца «жылой мнагакватэрнай забудове з убудавана-прыбудаванымі аб’ектамі грамадскага прызначэння». Згадвалася, што дамы будуць мець «высокі ўзровень архітэктурна-планіровачнага рашэння». Увогуле каля Лагойкі з’явіцца 991 новая кватэра плошчай амаль 70 тыс. «квадратаў». Разліковы тэрмін — да 2030 года.

Судзячы з пашпарта аб’екта, на першым вызваленым участку запланавана адна новабудова. Забудоўнікам значыцца УКС Савецкага раёна. Завяршыць узвядзенне плануюць аператыўна — у ліпені 2027 года. Для каго менавіта будзе прызначана жыллё — чаргавікоў ці ўсіх ахвотных, пакуль застаецца толькі здагадвацца.
