Прадпрымальнікам далі адтэрміноўку да 1 студзеня 2016 года
19- 30.03.2015, 15:46
- 28,532
Дыктатар падпісаў указ №143, якім прадугледжана падаўжэнне тэрміну, цягам якога ІП дазволяць прадаць рэшткі тавараў без сертыфікатаў.
Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Адпаведныя змены і дапаўненні ўнесеныя ва ўказ ад 16 траўня 2014 года № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі».
Пры рэалізацыі тавараў без сертыфікатаў устаноўленае прымяненне павышаючага каэфіцыента 2 пры вылічэнні адзінага падатку, а таксама спагнанне падатку на даданую вартасць у фіксаванай суме з яго павелічэннем у чатыры этапы за кошт прымянення наступных павышаючых каэфіцыентаў:
2 - за перыяд з 1 да 31 сакавіка 2015;
2,5 - за перыяд з 1 красавіка да 30 чэрвеня 2015 года;
3 - за перыяд з 1 ліпеня да 30 верасня 2015 года;
4 - за перыяд з 1 кастрычніка да 31 снежня 2015 года.
«У мэтах стымулявання індывідуальных прадпрымальнікаў набываць прадукцыю ў легальных вытворцаў і пастаўшчыкоў для тых з іх, якія будуць мець дакументы на ўсе рэалізуемыя тавары, дазваляецца перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання альбо з 1 красавіка, альбо з 1 ліпеня, альбо з 1 кастрычніка 2015 года», - гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, ва ўказе рэгламентуецца рэалізацыя тавараў фізічнымі асобамі Беларусі і замежнымі грамадзянамі.
У мэтах спынення неарганізаванай рэалізацыі тавараў фізічнымі асобамі ўводзіцца забарона на продаж тавараў на вуліцах, стадыёнах, у скверах, парках, грамадскім транспарце ці ў іншых грамадскіх месцах, за выключэннем рэалізацыі тавараў у месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Нагадаем, 1 сакавіка скончыўся перыяд, цягам якога ІП маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі лёгкай прамысловасці, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Адтэрміноўка пацвярджалася ўказам прэзідэнта №222. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ураду, што не змогуць працаваць у новых варунках, але іх меркаванне чыноўнікі ігнаравалі да апошняга моманту.
28 лютага намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты на брыфінгу ў Менску заявіў, што найбліжэйшым часам з'явіцца дакумент аб легалізацыі продажу рэшткаў тавараў лёгкай прамысловасці ІП, якія не маюць на іх дакументаў. Чыноўнік таксама запэўніў, што кантрольныя органы не будуць прымяняць якія-небудзь санкцыі ў дачыненні да ІП да прыняцця новага ўказа.
Пазней на сайце Міністэрства падаткаў і збораў з'явіўся праект указа, у якім індывідуальныя прадпрымальнікі атрымаюць права гандляваць таварамі без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё, але пры гэтым павялічаць падаткі. Аднак указ да гэтага часу не прыняты.
17 сакавіка, падчас сустрэчы з ІП у ГЦ «Экспабел» Лукашэнка таксама заявіў, што беларускія ІП змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, да 1 студзеня 2016 года.