25 красавiка 2024, Чацвер, 0:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Работнікі «Экспабела»: Спадзявацца на паляпшэнне? Глупства...

17
Работнікі «Экспабела»: Спадзявацца на паляпшэнне? Глупства...

Лукашэнка наведаў менскі рынак «Экспабел» у варунках узмоцненых захадаў бяспекі.

Менскі рынак «Экспабел» паводле раскладу пачынае працу а 10-й гадзіне раніцы. Аднак у дзень візіту правадыра ўсім прадпрымальнікам, гандлярам і дапаможным службам адміністрацыя рынку загадала быць на працоўных месцах а 7:00 раніцы. Служба аховы пачала працаваць а 5:00 раніцы: блізу дзясятка чалавек у форме і ў цывільным адзенні без апазнавальных знакаў з металашукальнікамі стаялі на ўсіх уваходах. Кожнага супрацоўніка прапускалі, толькі знайшоўшы ў складзеным зараней спісе і пасля працэдуры агляду. Некаторыя гандляры павінны былі хадзіць ад дзвярэй да дзвярэй, шукаючы сваё прозвішча ў спісах. Нешматлікіх пакупнікоў таксама прапускалі толькі пасля ўважлівага агляду кішэняў і торбаў, перадае «Радыё Свабода».

Гандляры вулічных шапікаў «Экспабела» пра візіт Лукашэнкі ведаюць толькі збольшага. Галоўным чынам праз тое, што тры апошнія дні яны мылі, прыбіралі, фарбавалі не толькі свае павільёны і кіёскі, але і ўсю тэрыторыю рынку.

«Нібыта прэзідэнт прыязджае, але напраўду не ведаем. Не да прадпрымальнікаў прыязджае, а як быццам на будоўлю. Калі б да прадпрымальнікаў, то нас бы сабралі, а так - ніхто нікога не збіраў, у нас звычайны працоўны дзень. Нам адміністрацыя нічога не паведамляе, дык хто мы такія? Гандляры... Нават калі і прыедзе, то як гэта паўплывае на нас? Працуем, дый годзе...» - распавёў працаўнік рынку.

- Ці бядуеце вы праз гэтую сітуацыю, у якой апынуліся прадпрымальнікі?

- Вядома, бядуем. Ад гэтага залежыць наша далейшая праца, наша далейшае жыццё... У нас дзеці, ёсць праз што бедаваць. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, бо калі прэзідэнт прыязджае, то гэта ж не проста так. Ён, напэўна, нейкія ўмовы прапануе. Спадзяемся, што яны будуць прымальныя для нас.

- Ці ўскладаеце надзеі на паляпшэнне становішча прадпрымальнікаў у выніку сённяшняй сустрэчы з кіраўніком дзяржавы?

- Глупства... Хто мае гэтыя надзеі?! Пра што вы кажаце?! Вы іх маеце? І ад таго, што зменіцца кіраўнік, напэўна, таксама нічога не зменіцца. Магчыма, што нават будзе горш. Людзі пра гэта думаюць і баяцца - вось і ўсё, - кажа іншы ІП.

Лукашэнка пад'ехаў да цэнтральнага ўваходу ў «Экспабел» праз пляцоўку, цалкам вызваленую ад аўтамабіляў. Акрамя ўзмоцненай аховы, яго суправаджалі чыноўнікі. Невялікая купка гандляроў з найбліжэйшых вулічных шапікаў назірала за візітам здалёк. Пад дахам «Экспабела», па дарозе да канферэнц-залы, дзе мусіла адбыцца сустрэча правадыра з прадпрымальнікамі, Лукашэнка агледзеў некалькі гандлёвых павільёнаў, каля некаторых спыніўся і коратка пагутарыў з гандлярамі. Пасля просьбаў скасаваць сваё распараджэнне, згодна з якім гандляры павінны мець дакумэнты на ўсе тавары, набытыя за межамі краіны, Лукашэнка заявіў, што гэтыя патрабаванні былі выкліканыя патрэбай кантраляваць якасць тавару і што ён, клапоцячыся пра ўласнае здароўе, набываць што-небудзь на рынак не пойдзе . Ён таксама заявіў, што скасаванне ягонага распараджэння будзе азначаць «узаконьванне кантрабанды», што гандляры, набываючы тавары за межамі краіны, «сілкуюць» чужых вытворцаў і гэтым «забілі» беларускую лёгкую прамысловасць. Менавіта гэтым сваім распараджэннем ён мае намер «паставіць у роўныя варункі» лёгкую прамысловасць і дробны бізнэс, а таксама зрабіць яго «празрыстым».

Ці былі задаволеныя такімі адказамі прадпрыемцы, якія размаўлялі з дыктатарам, высветліць не выпала: пагаварыць з гандлярамі перашкодзіла служба аховы.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках