25 красавiка 2024, Чацвер, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады парушылі дадзенае прадпрымальнікам абяцанне

31
Улады парушылі дадзенае прадпрымальнікам абяцанне

Беларускія ўлады парушылі абяцанне не канфіскоўваць у прадпрымальнікаў тавары, якія прадаюцца без сертыфікатаў.

У ІП з Віцебска за адсутнасць на гандлёвым месцы дакументаў канфіскавалі тавар на суму больш за 150 млн рублёў. Канфіскацыя адбылася, нягледзячы на гарантыі ўладаў, у тым ліку: Аляксандра Лукашэнкі, што да 1 студзеня 2016 ІП не будуць караць за гандаль без адпаведных дакументаў.

«Нягледзячы на заявы ўладаў на ўзроўні намесніка міністра эканомікі, рассылку МПЗ лістоў, каб прадпрымальнікі нічога не баяліся, хадзілі на працу і плацілі падаткі. У горадзе Віцебску ў сакавіку ў ІП Святланы Ваяводзінай адбылася канфіскацыя. Тавар канфіскавалі. Справу перадаюць у суд», - распавёў «Беларускаму партызану» лідар РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

«Я ўчора звязваўся з падатковай інспекцыяй. Кажу, у вас сумленне ёсць?! Намеснік міністра эканомікі сказаў людзей не чапаць - рыхтуецца ўказ аб тым, што можна працаваць без дакументаў. Яна мне адказала - мы працуем паводле закона і нічога не парушаем, і я не маю права перагледзець пастанову», - распавёў Шумчанка.

«Тавар канфіскавалі за адсутнасць дакументаў. Прычым яны ў мяне ёсць (усе накладныя, сертыфікаты), але ў мяне ідзе планавая праверка і ўсе дакументы знаходзяцца ў падатковай інспекцыі. Я ім так і напісала ў тлумачальнай. Але ім гэта тлумачэнне пераканаўчым не падалося і яны канфіскавалі ўвесь тавар на суму больш за 150 млн рублёў», - распавяла Святлана Ваяводзіна. - Цяпер мы склалі скаргу на неправамерныя дзеянні падатковай інспекцыі. Пакуль адказу на скаргу няма. Сядзім чакаем. Што цяпер рабіць, я проста не ведаю».

«Мы як раз пра гэта папярэджвалі, - кажа Шумчанка, - цяперашняя сітуацыя палягае ў тым, што ёсць заявы чыноўнікаў аб тым, што чапаць нікога не будуць, але заканадаўча іх да справы, што называецца, не прышыеш. У выніку жанчына з дзіцем сёння засталася ні з чым. У яе забралі ўсё. Як пасля гэтага верыць нашым уладам?»

Нагадаем, 1 сакавіка скончыўся перыяд, цягам якога ІП маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі лёгкай прамысловасці, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Адтэрміноўка пацвярджалася ўказам прэзідэнта №222. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ураду, што не змогуць працаваць у новых варунках, але іх меркаванне чыноўнікі ігнаравалі да апошняга моманту.

28 лютага намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты на брыфінгу ў Менску заявіў, што найбліжэйшым часам з'явіцца дакумент аб легалізацыі продажу рэшткаў тавараў легпрама ІП, якія не маюць на іх дакументаў. Чыноўнік таксама запэўніў, што кантрольныя органы не будуць прымяняць якія-небудзь санкцыі ў дачыненні да ІП да прыняцця новага ўказа.

Пазней на сайце Міністэрства падаткаў і збораў з'явіўся праект указа, у якім індывідуальныя прадпрымальнікі атрымаюць права гандляваць таварамі без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, але пры гэтым павялічаць падаткі. Аднак указ да гэтага часу не прыняты.

17 сакавіка, падчас сустрэчы з ІП у ГЦ «Экспабел» Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што беларускія ІП змогуць прадаваць тавары лёгкай прамысловасці без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, да 1 студзеня 2016 года.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках