20 красавiка 2024, Субота, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ткачоў: Казакевіч хадзіў са мной у трэнажорную залю 2 гады

48
Андрэй Ткачоў: Казакевіч хадзіў са мной у трэнажорную залю 2 гады

Вядомы менскі фітнес-інструктар пазнаў злачынцу, які напаў на гандлёвы цэнтр у Менску.

Пра гэта Андрэй Ткачоў напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

З дазволу інструктара charter97.org прыводзіць яго аповед.

- Вельмі многія цяпер задаюцца пытаннем, а што ж было ў галаве ў гэтага 17-гадовага хлопца, які ўзяў бензапілу і сякеру і пайшоў рэзаць людзей.

«Інтэрнэт-экспэрты» наперабой будуюць розныя версіі і тэорыі, абвінавачваючы ахоўнікаў за баязлівасць, міліцыю за непаваротлівасць, бацькоў за тое, што недагледзелі, а дзяржаву за тое, што стварыла ўмовы, пры якіх гэта наогул магло адбыцца. Але мала хто разумее што наогул можа штурхнуць чалавека на такое.

Сёння я прыйшоў дадому, адкрыў навіну аб тым, што апублікаваныя першыя фотаздымкі злачынцы, хутка праматаў тэкст да фатаграфій і тут у мяне на патыліцы заварушыліся валасы. Гэта ж ён! Той самы... з маёй залі. Як? Навошта? Не можа быць... Яшчэ раз гляджу на размытыя фотаздымкі. Дакладна. Ён. Хадзіў у маю качалку мінімум гады два, апошні год я з ім вітаўся за руку.

Ціхі маўклівы хлопец. Ніхто, напэўна, не ўспомніць як ён з'явіўся ў нашай падвальнай трэнажорнай залі. Такіх падснежнікаў прыходзяць дзесяткі кожны сезон. Запалу ў іх стае максімум на месяц-паўтара, потым надыходзіць усведамленне што не ўсё так проста і яны больш не прыходзяць. А гэты застаўся. Ходзіць сабе, моўчкі жалязякі цягае, ні з кім не размаўляе. Ну, нікому не перашкаджае і добра.

Паводле паводзінаў відаць, вельмі закамплексаваны, напэўна гэта праз знешнасць і вугроў якія перыядычна пакрывалі не толькі ўвесь яго твар, але і цела. Адпусціў сабе валасы, якія ўвесь час папраўляў, пакуль не пачаў прыбіраць іх гумкай у хвост. Тыповы замкнёны падлетак. Такіх напэўна цкуюць аднагодкі (прывітанне школьным і ўніверсітэцкім псіхолагам).

За ўвесь час ні разу ні з кім не гаварыў, наколькі я памятаю. Неяк дзяжурны трэнер зрабіў яму заўвагу, што ён працаваў з неадэкватна вялікай вагой і мог нанесці сабе траўму, на што ён усміхнуўся і працягваў як бы нічога не здарылася. Выклікала здзіўленне яго манера ірваць вялікія вагі і трэніравацца на знос, як быццам ён сябе ненавідзеў і за нешта спрабаваў пакараць.

Загаварыў я з ім, напэўна, толькі аднойчы, калі мне патрэбен быў трэнажор, на якім ён выконваў падыход. Я спытаў, колькі яму яшчэ засталося і ці можна выконваць практыкаванне з ім па чарзе, на што ён кіўнуў і ўсміхнуўся. Пасля гэтага ён пачаў са мной вітацца. У яго была вельмі дзіўная абыякавая ўсмешка, хутчэй ухмылка. Неяк мы з адміністратарам нават пажартавалі паміж сабой, што з такіх ціхонь як раз і вырастаюць маньякі. Ведалі б мы тады...

Калі вы будзеце пісаць чарговы каментар і думаць пра тое, наколькі гэта ўсё жудасна, але магло адбыцца з кім заўгодна, толькі не з вамі, падумайце, колькі вакол вас такіх «разгубленых» і замкнёных людзей, у якіх невядома што можа быць на розуме. Яны жывуць сярод нас, ходзяць у тыя ж крамы што і мы, наведваюць тыя ж спартзалы, ездзяць на тым жа ліфце, могуць глядзець на вас і ўсміхацца, а самі ўяўляюць, як намотваюць вашы кішкі сабе на руку. Але самае важнае, гэта тое, што маньякамі не нараджаюцца, а становяцца. Пад уплывам нейкіх фактараў, падзей, атачэння... прычын могуць быць тысячы, а можа быць і адна. Псіхалагічныя траўмы бываюць ва ўсіх, важна толькі тое, як мы іх перажывем і які яны пакінуць след.

P.S. Толькі сёння з прачытанага артыкула я даведаўся, што яго завуць Улад. Будзьце ўважлівыя адзін да аднаго.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках