26 красавiка 2024, Пятніца, 4:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перамены ў Беларусі пачнуцца ў 2017 годзе

10
Перамены ў Беларусі пачнуцца ў 2017 годзе

У Варшаве прэзентавалі кнігу Андрэя Саннікава «Беларуская рулетка».

Прэзентацыя кнігі лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава прайшла 12 снежня ў Тэатры Польскім у Варшаве. У польскім варыянце, выдадзеным выдавецтвам KARTA, кніга палітыка «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры» называецца «Беларуская рулетка».

Прэзентаваў кнігу на сцэне Тэатра Польскага ягоны дырэктар, вядомы польскі актор Анджэй Сэвэрын, які прачытаў раздзел з «Беларускай рулеткі», паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Актор сказаў, што ганарыцца тым, што прэзентацыя польскай кнігі Андрэя Саннікава адбылася менавіта на сцэне Тэатра Польскага.

«Хацеў бы падзяліцца з вамі сваім хваляваннем і эмоцыямі. Я шчаслівы, што з намі сёння такія выдатныя людзі як Андрэй Саннікаў. Я пастанавіў, што Польскі Тэатр будзе месцам сустрэч з нашымі суседзямі – з беларусамі, украінцамі, літоўцамі, латвійцамі, эстонцамі. Гэты вечар – адная з такіх сустрэч, і я ганаруся гэтым», - сказаў Анджэй Сэвэрын.

АНДЖЭЙ СЭВЭРЫН

Кіраўнік выдавецтва КARTA Збігнеў Глуза, апавядаючы пра кнігу «Беларуская рулетка», сказаў:

«Кніга Андрэя Саннікава ўжо выдадзеная ў чатырох моўных версіях – на расейскай, беларускай, ангельскай і польскай мовах. Мне падаецца, што польская версія мае асаблівае значэнне. Аўтар кнігі, апісваючы свой досвед кандыдата ў прэзідэнты ў 2010 годзе ў Беларусі і наступныя падзеі, задае вельмі важнае для ўсяго Захаду, і асабліва для Польшчы, пытанне: што далей? Так склалася, што Беларусь не з'яўляецца для Польшчы самай важнай краінай, што відаць з усходняй палітыкі краіны. Я думаю, гэта вялікая памылка.

ЗБІГНЕЎ ГЛУЗА

Гэтая кніга мае паказаць, як мы памыляемся. Той факт, што польскі палітык назваў беларускага дыктатара «цёплым чалавекам», да якога можна ставіцца, як да нармальнага палітыка ў Еўропе, парушае асноўныя правілы, якімі Польшча мае кіравацца ў сваёй усходняй палітыцы. Польшча, якая адкінула каштоўнасці таталітарнай сістэмы і выбралася з камунізму, павінна супраціўляцца кожнай дыктатуры. Гэтая кніга паказвае, якая напраўду ўлада ў Беларусі, што не змяняецца ўжо больш за 20 гадоў. Годзячыся з такім рэжымам, Еўропа здраджвае сваім уласным прынцыпам. Андрэй Саннікаў — заснавальнік грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», створанай паводле аналогіі з чэшскай «Хартыяй-77» – адной з найважнейшых дысідэнцкіх ініцыятыў за часамі камунізму. У 1997 годзе, пасля падзей, што забралі ў Беларусі дэмакратыю і суверэннасць, «Хартыя-97» накіравала беларускае грамадства на шлях супраціву.

І сёння, напярэдадні 2017 года, па заканчэнні 20 гадоў, мы павінны вызначыцца, як быць далей. Кніга Андрэя Саннікава паказвае, якой можа быць сучасная гісторыя і які можа адбыцца рэцыдыў. Вельмі важна, каб мы адказалі на пытанне: што далей?».

Куды ідзе Беларусь?

У рамках прэзентацыі кнігі прайшла дыскусія «Куды ідзе Беларусь? - 25-годдзе раскідання Савецкага Саюза і 20-я ўгодкі падзей, якія сталі падставай для стварэння «Хартыі'97», у якой узялі ўдзел сам Андрэй Саннікаў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш, галоўны рэдактар газеты «Rzeczpospolita» Багуслаў Хработа, кіраўнік выдавецтва KARTA Збігнеў Глуза. Мадэратаркай была дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўска, якая адкрыла дыскусію пытаннем, ці змянілася сітуацыя ў Беларусі ў параўнанні з 2010 годам, калі ў Менску была здушаная масавая дэманстрацыя пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Станіслаў Шушкевіч адразу ж катэгарычна заявіў: — не, існасць рэжыму Лукашэнкі засталася ранейшай.

«У Беларусі нічога не змянілася – ні палітычны рэжым, ні самая дзяржава. Змянілася толькі адно: меншае пакаранне нясуць людзі, якія парушаюць законы, што часта супярэчаць Канстытуцыі. Сёння менш арыштоўваюць, але больш штрафуюць, робячы на людзей моцны фінансавы ціск. Гэта гамуе апазіцыйную дзейнасць беларусаў. Сёння ў Варшаве я ехаў у таксі, і калі кіроўца даведаўся, што я беларус, сказаў: у палякаў і беларусаў самае вялікае падабенства генаў. Бачыце, падабенства генаў ёсць, а падабенства палітычнага ладу няма.

Але што цяпер яшчэ адбываецца. За апошнія тры тыдні я сустрэўся з вядомымі дзеячамі Польшчы, у тым ліку з маршалкам Сэнату. Вядома, мы павінны быць удзячныя Польшчы за «Белсат», за сайт charter97.org і «Радыё Рацыя», за адукацыйную праграму імя Кастуся Каліноўскага. Але што самае страшнае? Прадстаўнікі Польшчы высокага рангу кажуць: або дыялог, або ізаляцыя Беларусі. І сапраўды, я – за дыялог, але не павінны змяняцца правілы, якіх пільнавалася Польшча ўвесь гэта час. Як, напрыклад, тое, што адная з найважнейшых асоб у дзяржаве кажа пра дыктатара, як пра «цёплага» чалавека. Я не ведаю, як гэта можна растлумачыць. Бо ў кнізе Андрэя Саннікава можна прачытаць, які напраўду гэта «цёплы чалавек».

Я б хацеў, каб усе зразумелі: у Беларусі нічога не змянілася. Бо калі Лукашэнка зробіць тое, што абяцае Захаду ды Польшчы, то ягоны рэжым абрынецца. Лібералізацыя эканомікі загубіць гэты рэжым. Галоўная памылка Захаду ў тым, што Лукашэнку слухаюць і чагосьці ад яго чакаюць. Такім чынам Еўрапейскі Звяз і нават польскі ўрад падтрымліваюць гэты дыктатарскі рэжым у Беларусі. Што ж да грамадзян Беларусі, то часта яны вымушаныя рабіць выгляд, што падтрымліваюць Лукашэнку, але напраўду яны яго ненавідзяць», - заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Андрэй Саннікаў пагадзіўся з першым кіраўніком незалежнай Беларусі:

«Я пагаджуся, што нічога ў гэтым рэжыме не змянілася. Але сітуацыя ў Беларусі кардынальна змянілася, бо сістэма, цяпер гэта відавочна, збанкрутавала, і эканоміка не можа забяспечыць нават мінімальны ўзровень жыцця. Цяпер відавочна, што ніякага «беларускага цуду» не існуе, і краіна знаходзіцца ў сітуацыі, калі патрэбныя змены, і трэба гэтаму спрыяць, а не залагоджваць «цёплага дыктатара». Няма ніякай народнай падтрымкі ні Лукашэнкі, ні ягонага рэжыму. Я пагаджуся, што цяпер нянавісць становіцца асноўным пачуццём беларусаў у дачыненні да ўлады».

Галоўны рэдактар газеты «Rzeczpospolita» Багуслаў Хработа заявіў, што маральны абавязак Польшчы — абараняць людзей у Беларусі.

«Пасля таго, што давялося перажыць Андрэю Саннікаву, цяжка абмяркоўваць гэтую тэму інакш, як не ў маральных катэгорыях. Супраціў дыктатуры з'яўляецца натуральным, і ў Польшчы ён будзе заўсёды. Аднак асобным пытаннем з'яўляецца грамадскі інтарэс Польшчы да Беларусі. Бо рэальнасць гэта не толькі маральнасць, але таксама і палітыка – рэч вельмі жорсткая і брутальная. Мяркую, што маральны абавязак Польшчы ў тым, каб абараняць людзей у Беларусі.

Я не маю ілюзій наконт рэжыму Лукашэнкі, ягонай унутранай палітыкі і цынізму ў замежнай палітыцы. Не маю ілюзій таксама з нагоды таго, што Беларусь па-ранейшаму застаецца ў сферы інтарэсаў Расеі. Перспектыву найбліжэйшых пяці-шасці гадоў складана прадбачыць. Калі гэтая дзяржава, якая ў пэўным сэнсе становіцца банкрутам, спрабуе адкрыцца для Захаду, то для Польшчы вельмі важнае пытанне: ці падтрымліваць гэтыя тэндэнцыі і як, або ізалявацца ад гэтага. З пункту гледжання маралі лёгка сказаць: ізалюемся, не хочам мець нічога агульнага з рэжымам. Але так зрабіць нельга. Савецкі Саюз раскідаўся не дзякуючы нейкім метафізічным прычынам. Не, гэта была неэфэктыўная сістэма, якая проста збанкрутавала.

Мне здаецца, што нешта такое ж можа адбыцца ў Беларусі. І дэмакратычныя свабоды прыйдуць пасля змен у эканоміцы. Адсюль пытанне для Польшчы: ці падтрымліваць гандаль з Беларуссю? Або яшчэ больш важнае пытанне: ці не здарыцца ў Беларусі тое, што адбылося ва Украіне, краіне, у якой УБП на душу насельніцтва цяпер удвая меншы, чым у Беларусі. У Польшчу ўжо эміграваў мільён украінцаў, і я не выключаю, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі прычыніцца да таго, што адтуль прыйдзе сціжма людзей у пошуках працы. Калі ж мы будзе ізалявацца, то гэта таксама можа быць праблемай для палякаў. Таму, калі павінна адбыцца нейкая прасветліна ў эканамічных дачыненнях Варшавы і Менску, то я – за.

Як вы ведаеце, Еўропа адварочваецца ад Украіны. І ў эпоху кіроўнага ў Еўропе папулізму, які заклікае адварочвацца ад нашых суседзяў, я перакананы, што Польшча ўсё ж мае заставацца адвакатам дэмакратычных змен у гэтых дзяржавах», - сказаў Багуслаў Хработа.

БАГУСЛАЎ ХРАБОТА

Былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш выступіў у падтрымку яшчэ больш шчыльных стасункаў з афіцыйным Менскам, чым выклікаў крытыку іншых удзельнікаў дыскусіі.

«У палітыцы цудаў не бывае, яна такая, якая ёсць, нават калі з пункту гледжання маралі нам здаецца, што мае быць інакш. Бісмарк казаў, што палітыка пачынаецца з карты. Дык вось на нашай карце Беларусь занадта важная з пункту гледжання расейскай пагрозы, і мы не можам паддавацца маральным рэфлексіям. На карце нашых партнёраў – французаў, немцаў – Беларусь з'яўляецца толькі фрагментам больш шырокай гульні, а на карце гішпанцаў, італійцаў і грэкаў яе наогул няма.

Я не маю праблемы выбару паміж мараллю ды інтарэсамі. Дваццаць гадоў польскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі – гэта параза. Гэта варта прызнаць. І сёння гэты дыялог і збліжэнне паміж нашымі краінамі вядзецца з боку польскіх улад вельмі непрафесійна. Праблема ў тым, што дыялог - гэта толькі пэўнае акно магчымасцяў. Акно, якое адчыняецца і зачыняецца – ёсць пэўныя часавыя рамкі, у якіх мы можам штосьці здабыць. Нам давядзецца і далей неяк дамаўляцца з Лукашэнкам», - сказаў Юраш.

ВІТОЛЬД ЮРАШ

Праўда, былы дыпламат прызнаў, што калі Польшча спыніць падтрымку беларускай апазіцыі, то пазбавіць сябе інструмента змен у краіне.

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што дыялог Захаду з Лукашэнкам ні да чаго не прывядзе, бо дыктатар — марыянетка Расеі.

«Лукашэнка для Беларусі горшы, чым Януковіч быў для Украіны. Ён робіць усё, што хоча Расея, і нічога іншага. І не трэба нават уводзіць у Беларусь «зялёных чалавечкаў». Усё можа быць зрэалізавана ў гэтай сітуацыі праз расейскія вайсковыя базы, праз прарасейскія рухі, такія як казакі, РНЕ ды іншыя. «Расейскі фронт» вельмі моцны ў Беларусі. Трэба гэта ўлічваць», - сказаў палітык.

Андрэй Саннікаў звярнуў увагу на паўтаральнасць еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі:

«Я дастаткова доўгі час працаваў у Міністэрстве замежных спраў. Пасля гэтага займаўся міжнароднымі справамі дэмакратычных сіл Беларусі. І вось што мне кінулася ў вочы. Кожны пасол або кіраўнік дыпламатычнай місіі, які ўпершыню прыязджаў у Беларусь, заўсёды казаў: «Яны штосьці не тое рабілі да мяне, а я ведаю, як зрабіць так, каб пачаліся перамены». Пасля таго, як не дзейнічалі ні падтрымка бізнэсоўцаў, ні падтрымка чынавенства, праходзілі чарговыя рэпрэсіі, усе гэтыя людзі паводзілі сябе зусім інакш і разумелі, што трэба рабіць напраўду. Але, на жаль, яны неўзабаве з'язджалі з Беларусі, пакідаючы свае пасады. Потым прыязджалі іншыя людзі, і ўсё пачыналася зноўку. Гэтаму досведу ўжо больш за 20 гадоў. І дыктатура ў Беларусі існуе больш за 20 гадоў.

Вельмі дзіўна назіраць, як еўрапейцы зноў спрабуюць знайсці нейкія станоўчыя рысы ў дыктатара і спрабуюць падтрымаць рэжым, а не перамены і рэформы. Але ў сітуацыі крызісу, як сказаў Зміцер Бандарэнка, не можа быць у Захаду такой жа палітыкі, якая была ў тыя часы, калі кошт нафты быў утрая вышэйшы. Лукашэнка даўно не мае рэсурсаў, а цяпер і Расея не мае грошай, каб падтрымаць гэтую лукашэнкаўскую мадэль. А цяпер Захад мае і рэсурсы, і досвед, але не мае жадання.

Ці абароніць Лукашэнкі незалежнасць Беларусі? Не! Ці з'яўляецца Лукашэнка нават не гарантам, а надзеяй на тое, што ў Беларусі адбудуцца перамены? Не! Ці зможа адбыцца лібералізацыя і дэмакратызацыя за гэтым рэжымам? Не! Лукашэнка – гэта самы небяспечны чыннік для незалежнасці Беларусі. Гэта павінны разумець у Еўропе, бо гэта ў інтарэсах яе бяспекі.

Не можа калгасны фюрэр быць гарантам незалежнасці ў такой цяжкай сітуацыі. А вось гульні Захаду з гэтым фюрэрам сапраўды могуць прычыніцца да страты незалежнасці. Але гэтага не будзе, бо беларусы, як і ўкраінцы, здольныя абараніць саміх сябе», - сказаў палітык.

Галоўны рэдактар «Rzeczpospolita» мяркуе, што ў Польшчы мае быць канкрэтная праграма падтрымкі Беларусі.

«Чым больш жорсткая і цвёрдая дыктатура, тым больш людзі могуць вытрымаць. І не такое вытрымлівалі. Людзі ў расейскай правінцыі жывуць горш, чым у Беларусі, а ў Паўночнай Карэі – яшчэ горш. Аднак там падтрымка Кіма Чэна Ына - 100%! Праўда таксама, што ўсе яго там ненавідзяць. Такая прырода дыктатур. Але дыктатуры знікаюць. Дыктатура не можа доўжыцца вечна. Дыктатура – панятак, прыдуманы ў Старажытным Рыме – існуе ў кароткіх часавых прамежках. Тыя рэжымы, якія прымудраліся ўтрымліваць уладу ў сваіх руках даўжэй, усё адно знікаюць.

У нас у Польшчы мае быць вельмі канкрэтная праграма падтрымкі Беларусі. Мы не павінны дазволіць Еўропе забыцца, што Беларусь існуе, што там дыктатура, што там ёсць людзі, якія мараць аб дэмакратыі. Мы маем падтрымліваць усе праграмы, якія дапамагаюць камунікацыі з грамадзянскай супольнасцю. Гэта вельмі важна, бо часы мяняюцца. Сёння мы жывем у эпоху інтэрнэту і адкрытай інфармацыі. Гэта не 1950-я гады, людзі маюць магчымасць параўноўваць. Беларусы ездзяць у Польшчу і ў Еўропу, бачаць, што існуюць іншыя стандарты і рана ці позна, я веру, будзе тая кропля, якая зменіць усё. Новае пакаленне не дазволіць працягвацца гэтай жорсткай і нізкай дыктатуры», - упэўнены Багуслаў Хработа.

Станіслаў Шушкевіч пагадзіўся з польскім журналістам, але адзначыў:

«У дачыненні да Беларусі мае быць актыўная палітыка і пазіцыя. Фактычная падтрымка Лукашэнкі Захадам вельмі шкодзіць нашым справам».

Кіраўнік выдавецтва KARTA Збігнеў Глуза таксама мяркуе, што стаўка некаторых еўрапейскіх чыноўнікаў на Лукашэнку – стратная.

«Уся саветалогія 30 гадоў таму не прадугледжвала ніякіх змен, але тое, што адбылося з Савецкім Саюзам, у вялікай меры таксама грунтавалася на пратэсцеграмадства. Аб Януковічу таксама казалі, што, магчыма, варта было б з ім дамаўляцца. Выявілася, аднак, што не – звычайны злодзей. Украіна ж стала на шлях змен», - сказаў Глуза.

Агнешка Рамашэўска падтрымала пункт гледжання ўдзельнікаў дыскусіі пра важнасць падтрымкі дэмакратычных змен у Беларусі:

«Я мяркую, што самае важнае – гэта падтрымка нашых усходніх суседзяў. Мы з беларусамі будзем суседзямі і праз 10 гадоў, і праз 20, і праз 50, і Лукашэнка ўжо памрэ, а мы і далей будзем суседзямі».

ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА, АНДРЭЙ САННІКАЎ І ІРЫНА ХАЛІП З УНУКАМ ГЕНЕРАЛА СТАНІСЛАВА БУЛАК-БАЛАХОВІЧА

Андрэй Саннікаў пагадзіўся, што для Беларусі сёння сапраўды адчынілася акно магчымасцяў:

«Зусім іншая дынаміка ва ўсім рэгіёне. І лёс, незалежнасць і дэмакратызацыя Беларусі залежыць у вялікай ступені ад паводзін і палітыкі Захаду. Мы залежым ад моцнага антыпуцінскага, антыкрамлёўскага фронту, ад узмацнення санкцый у дачыненні да РФ, ад прынцыповай палітыкі Захаду ў дачыненні да парушэння правоў чалавека ў самой Расеі і, перш за ўсё, у дачыненні да агрэсіі Крамля ва Украіне. Гэта складаная сітуацыя, бо відавочны крызіс у Еўропе. Сітуацыя патрабуе і новых падыходаў, новых лідараў. Але я спадзяюся, што ёсць гістарычны досвед, ёсць магчымасці і сродкі прайсці праз крызіс і цалкам змяніць сітуацыю ў рэгіёне. Патрэбны жорсткі адпор палітыцы Крамля, каб агрэсія не перакінулася на краіны Балтыі, Польшчы, я ўжо не кажу пра Беларусь і Украіну. Павінна ўзмацніцца незалежная дэмакратычная Україна, і гэта зменіць усю сітуацыю. Усё ж існаванне незалежных еўрапейскіх дзяржаў Балтыі, Польшчы і цяпер Украіны, якая змагаецца за сваю дэмакратычную сістэму і незалежнасць – гэта велізарная дапамога нам. Таму, нягледзячы на ўсе складанасці, хочацца быць аптымістам і сказаць: «Жыве Беларусь!»

У канцы дыскусіі слова зноў узяў Збігнеў Глуза і сказаў:

«Два гады таму мы расчаліся з дакументаваннем падзей на Майдане ў Кіеве ў 2013-2014 гадах. У другую гадавіну гэтых падзей мы выдалі кнігу «Агонь Майдана». У вайне светаў Захаду і Усходу, то бок дэмакратыі з дыктатурай, здарыўся грамадскі цуд. Гэта было падобна да жніўня 1980 года ў Польшчы (тады адбыўся страйк на верфі ў Гданьску, якая паслужыла пачаткам стварэння прафзвязу «Салідарнасць» - заўвага рэд.) Раптам людзі зрабілі тое, што здавалася практычна немагчымым. Мне здаецца, што ў 2017 годзе рэжым Лукашэнкі абрынецца, і ў Беларусі пачнуцца перамены».

У канцы дыскусіі адбыўся канцэрт вядомага беларускага музыкі Паўла Аракеляна. Дырэктар Тэатра Польскага Анджэй Севярын нагадаў гледачам, што Павел Аракелян падтрымліваў палітвязняў, у тым ліку самога Андрэя Саннікава, калі яны апынуліся ў турмах пасля 19 снежня 2010 года.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках