3 траўня 2024, Пятніца, 21:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка ў неадэкватным стане»

51
«Лукашэнка ў неадэкватным стане»

Калі чыноўнікі не хочуць ісці на «пагібель», трэба ўключацца ў барацьбу супраць дыктатуры.

Пра гэта charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- На пачатку снежня КДБ арыштаваў кіраўнікоў найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, учора стала вядома пра затрыманне яшчэ некалькіх чыноўнікаў даволі высокага рангу. Як вы пракаментуеце гэтыя падзеі?

- Гэтыя арышты не сталі для мяне навіной, таму што ў час зняволення ў турме КДБ і ў калоніі я асабіста сустракаў кіраўнікоў найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, напрыклад галоўнага інжынера Менскага трактарнага завода, дырэктараў іншых вядучых заводаў.

У турме КДБ нават ёсць некалькі камер, якія спецыяльна прызначаныя для кіраўніцтва Трактарнага завода, Беларускай калійнай кампаніі, для «Белнафтахіма».

Для мяне застаецца загадкай, чаму людзі ідуць на гэтыя пасады, ведаючы, што імавернасць для іх патрапіць у турму - велізарная.

- Чаму Лукашэнка пайшоў на гучныя арышты менавіта цяпер?

- Летась следчыя брыгады і пракуратура былі задзейнічаны ў асноўным паводле справаў найбуйнейшых беларускіх бізнэсоўцаўЮрыя Чыжа, Уладзіміра Япрынцава і іншых.

Сёння яны сканцэнтраваліся на дзяржаўных чыноўніках і дырэктарах прадпрыемстваў. Мабыць, у іх такая стратэгія. Хоць цалкам можна сказаць: Лукашэнка проста знаходзіцца ў неадэкватным стане. Ён не можа прызнаць, што праваліўся як палітык і дыктатар, і спрабуе знайсці «крайніх» у іншых галінах.

- Пасля выбараў 2010 года вы мелі магчымасць убачыць турму КДБ знутры. Як можна ахарактарызаваць умовы ўтрымання там?

- Для арыштаваных пасля 19 снежня 2010 года быў створаны спецыяльны рэжым. Ён аўтаматычна распаўсюджваўся на тых, хто ўжо там сядзеў: сілавікоў, чыноўнікаў, бізнэсоўцаў.

У тых умовах мы былі разам, па адзін бок. А па іншы бок былі «маскі» і ахова КДБ.

Непалітычныя арыштаваныя паводзілі тады сябе вельмі годна, яны падзялялі ўсе, мякка кажучы, цяжкасці разам з намі.

У турме КДБ, а таксама ў іншых турмах Беларусі, існуе спецыяльная праграма па «апрацоўцы» канкрэтных людзей. Яна адпрацоўвалася яшчэ ў 1930-х гадах НКВД, і гэтыя метады ўжываюцца і цяпер.

Мяне здзіўляе, чаму гэтыя людзі – кіраўнікі міністэрстваў, найбуйнейшых прадпрыемстваў – ідуць на «пагібель», практычна не супраціўляючыся. Калі «палітычныя», выходзячы з турмаў, распавядаюць, што з імі адбывалася і спрабуюць змяніць гэтыя ўмовы, то чыноўнікі і дырэктары ідуць пакорліва, як бараны, у такія ўмовы. Тым не менш, яны застаюцца людзьмі, і іх страшна шкада, таму што само знаходжанне ў беларускай пенітэнцыярнай сістэме з'яўляецца катаваннем.

- Як можна разарваць гэты «ланцуг маўчання» асуджаных чыноўнікаў?

- Складана сказаць: гэтыя людзі прайшлі спецыфічны адбор, і ў размовах з імі разумееш, што часткай іх прафесіі з'яўляецца сядзенне ў турме.

Чаму ў гэтых людзей, якія фармальна з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі, цалкам адсутнічае пачуццё грамадзяніна, пачуццё ўласнай годнасці, пачуццё чалавека і кіраўніка – я сказаць не магу.

А рэпрэсіі супраць чыноўнікаў, дырэктараў і бізнэсоўцаў у дзясяткі разоў больш маштабныя, чым супраць апазіцыі. За час праўлення Лукашэнкі дзясяткі тысяч людзей з гэтых сфер дзейнасці прайшлі праз крымінальны пераслед, многія страцілі здароўе, сем'і і нават жыцці. Чаму гэтыя людзі не спрабуюць змагацца і не супраціўляюцца – для мяне гэта застаецца загадкай.

Хачу ім сказаць: сёння, калі ў дыктатара складанае становішча, падумайце, спадары «добрыя», аб тым, што, можа быць, варта ўключыцца ў палітычную дзейнасць, у барацьбу, у тым ліку за свае правы. Ці заўтра вы можаце апынуцца ў засценках проста таму, што так захацелася неадэкватнаму кіраўніку.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках