26 красавiка 2024, Пятніца, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На чым эканоміць беларусам, калі яны зарабляюць у асноўным на ежу?

4
На чым эканоміць беларусам, калі яны зарабляюць у асноўным на ежу?

На фоне заклікаў уладаў «жыць па сродках» у Беларусі павялічваецца колькасць сем'яў, якія жывуць за мяжой беднасці.

Беднасць наступае

Паводле звестак Белстата, за рысай беднасці ў першым квартале было больш за 150 тысяч хатніх гаспадарак - 3,9% ад агульнай колькасці. У першым квартале 2015 года такіх сем'яў было 3,5%, а ў 2014 годзе - 3,6%.

Крытэрыем беднасці ў Беларусі лічыцца даход ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму, які цяпер складае ў сярэднім на душу насельнiцтва 1 690 940 рублёў, піша сайт naviny.by.

Пры гэтым, паводле звестак выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, дзве траціны (66,4%) хатніх гаспадарак краіны ацанілі сваё матэрыяльнае становішча ў гэтым годзе як сярэдняе, чвэрць (25,1%) - ніжэй за сярэдняе, 4% - вышэй за сярэдняе і высокае. Нізкую ацэнку свайму матэрыяльнаму становішчу далі 4,5% хатніх гаспадарак.

Станоўча ацанілі змены ў сваім матэрыяльным становішчы ў параўнанні з мінулым годам 10,7% хатніх гаспадарак. На стабільнасць свайго матэрыяльнага становішча паказалі 55,7%. Кожная трэцяя (33,6%) хатняя гаспадарка адзначыла, што яе матэрыяльнае становішча сёлета пагоршылася.

Сярод хатніх гаспадарак, якія адзначылі паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча ў параўнанні з мінулым годам, 35,6% звязваюць гэта са з'яўленнем новай або дадатковай крыніцай працоўных даходаў, 26,5% - з павышэннем даходаў ад працоўнай дзейнасці.

Яшчэ 16,9% - са з'яўленнем даходу, не звязанага з працоўнай дзейнасцю, напрыклад, ад здачы ў арэнду нерухомасці, продажы сельскагаспадарчай прадукцыі і гэтак далей, 13,6% - з павышэннем пенсій або дапамог.

Амаль для паловы (47,7%) хатніх гаспадарак, якія ўказалі на пагаршэнне матэрыяльнага становішча ў параўнанні з 2014 годам, прычынай негатыўных змяненняў з’явіўся значны рост коштаў. Для 19,3% рэспандэнтаў пагаршэнне матэрыяльнага становішча звязана са зніжэннем даходаў ад працоўнай дзейнасці, для 10,1% - з пераходам на менш аплатную працу, няпоўнай занятасцю або стратай працы.

А людзі хочуць жыць як раней

Памочнік прэзідэнта ў эканамічных пытаннях Кірыл Руды мяркуе, што як дзяржаве, так і насельніцтву варта прытрымлівацца фінансавай дыеты.

Падчас прэзентацыі англамоўнага выдання сваёй кнігі «Фінансавая дыета» ён адзначыў, што насельніцтва, нягледзячы на зніжэнне даходаў, спрабуе падтрымліваць мінулым жыццём за кошт назапашаных раней ашчаджанняў:

«Мы зараз назіраем, што людзі адклікаюць дэпазіты, спрабуюць жыць як раней. Аднак сёння надыходзіць іншая рэальнасць - мы павінны змяняць свой лад жыцця. Дыета - гэта іншы лад жыцця».

На яго думку, фінансавай дыеты варта прытрымлівацца і на дзяржаўным узроўні:

«Мы можам напоўніць эканоміку грашыма, атрымаць кароткатэрміновы эфект, але неабходна думаць аб доўгатэрміновай перспектыве. Калі не будзем думаць пра будучыню, сутыкнёмся з дэфіцытам гандлёвага балансу. Ідэя фінансавай дыеты - давайце выдаткоўваць менш, каб грошы заставаліся нашым будучым пакаленням, нашым дзецям».

Нацбанк таксама адзначае, што насельніцтва не змяняе ў поўнай меры свае паводзіны на спажывецкім рынку, нягледзячы на зніжэнне даходаў.

На чым можна зэканоміць?

Дзе рэзервы для эканоміі, калі большасць выдаткаў беларусаў прыпадае на харчаванне і аплату паслуг ЖКГ?

На харчаванне беларусы трацяць 42,3% свайго бюджэту. Гэта столькі ж, колькі і ў першым квартале 2015 года і ўключае, як і за той перыяд, выдаткі на харчаванне па-за домам. На спіртное і тытунь траціцца 3,4% ад выдаткаў на харчаванне.

Паводле вынікаў усяго 2015 года выдаткі на харчаванне склалі 41,9%.

Для параўнання: у 1995 годзе доля расходаў на харчаванне складала больш за 60%, да канца 2010-га гэты паказчык знізіўся да 36,8%. Праблемы ў нацыянальнай эканоміцы ў наступныя гады прывялі да павелічэння долі расходаў на харчаванне.

Што ядуць беларусы?

З ростам выдаткаў на прадукты харчавання, адпаведна, знізіліся выдаткі на нехарчовыя тавары - з 31,4% у першым квартале 2015 года да 29,9% за чатыры месяцы гэтага.

Павялічыліся выдаткі беларусаў і на розныя паслугі - 24,4% супраць 22,9% летась. Самая вялікая доля гэтай часткі выдаткаў прыпадае на аплату паслуг ЖКГ - за гады гэтыя выдаткі павялічыліся з 6,9% да 8,2%. Пры тым, што сістэму ЖКГ ліхаманіць, а кошты на паслугі то паднімаюцца, то падаюць, трэнд на павелічэнне долі аплаты паслуг насельніцтвам намечаны. І лічбы ў квітках аб аплаце камунальных паслуг будуць расці.

У такой сітуацыі можна было выдаткоўваць менш, эканомячы ваду, электрычнасць і цяпло. Але блізу 70% жылых дамоў у нашай краіне канструктыўна не прыстасаваны да пакватэрнага ўліку цяпла, гэта значыць на ўзровень яго спажывання ўласнікі жылля ўплываць не могуць.

Сярод паслуг самая вялікая частка выдаткаў пасля квартплаты - сувязь, на якую траціцца 4,6% супраць 4,1% годам раней.

Трохі павялічылася доля расходаў на медыцынскія і санаторна-аздараўленчыя паслугі (1,5% супраць 1,3%), турызм, спорт і культура (1,8% супраць 1,2%), паменшылася на адукацыю (1,6% супраць 1,9%).

У такой сітуацыі, мяркуе экспэрт у пытаннях рэформы дзяржаўнай службы, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін, эканоміць большасці насельніцтва давядзецца на самым неабходным.

«І гэтая справа канкрэтнай сям'і, а не прадстаўнікоў улады, наважыць, на што траціць свае грошы. Хочуць, хай расходуюць на золата і шоўк, а хочуць - на прадметы першай неабходнасці. Калі ўлады крытыкуюць беларусаў за тое, што яны марнуюць больш, чым зарабляюць, фактычна, крытыкуюць сябе, наступствы ўласных дзеянняў», - сказаў Уладзімір Кавалкін.

Менавіта дзяржава стварыла сітуацыю, калі людзі імкнуліся зарабіць на курсе валют, пераводзячы рублёвыя ўклады ў даляравыя і наадварот, або прадавалі нерухомасць на піку коштаў і куплялі ў момант яе падзення, адзначыў экспэрт.

Нават пры тым, што гуляць на курсе валют або на кошце нерухомасці можа сабе дазволіць нязначная частка насельніцтва, «людзі распараджаюцца асабістымі сродкамі», падкрэсліў Уладзімір Кавалкін, «а за эканамічную палітыку ў краіне адказваюць улады».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках