25 красавiка 2024, Чацвер, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Магілёва абвінавацілі гарадскую ўладу ў парушэнні закона

Жыхары новага мікрараёна Сонечны ў Магілёве звярнуліся ў пракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць ушчыльнення раёна.

22 чэрвеня Магілёўскі гарвыканкам паведаміў аб грамадскім абмеркаванні архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб'екта «Два шматкватэрныя жылыя дамы ў мікрараёне жылой забудовы Сонечны ля вуліцы Фаціна», піша БелаПАН.

На думку падпісантаў калектыўнага звароту, накіраванага ў пракуратуру Магілёва, пачаўшы такое абмеркаванне магілёўскія гарадскія ўлады парушылі правы фізічных асоб на спрыяльнае асяроддзе пражывання і сваю ж пастанову, прынятую ў 2012 годзе, што тычыцца забудовы мікрараёна Сонечны.

Згодна з праектам дэталёвай планіроўкі (ПДП), зацверджаным чатыры гады таму, на гэтай тэрыторыі павінны размяшчацца будынкі жылой забудовы і аб'екты сацыяльнай структуры: садок на 95 месцаў з басейнам, цэнтр працы з дзецьмі, аптэка, крама тавараў паўсядзённага попыту, цырульня. На гэты момант не ўсё з прадугледжанага ПДП з'явілася ў рэальнасці.

«Гэты ПДП не прадугледжвае размяшчэнне ў мікрараёне жылой забудовы Сонечны ля вуліцы Фаціна двух жылых пяціпавярховых дамоў», - гаворыцца ў звароце ў пракуратуру. Там жа адзначаецца, што будаўніцтва новых жылых дамоў прывядзе да невыканання зацверджаных параметраў ужо існай жылой забудовы.

Падпісанты таксама паказваюць, што згодна з законам аб архітэктурнай дзейнасці забаронена размяшчаць аб'екты, якія адсутнічаюць у зацверджаным ПДП і архітэктурным праекце забудовы тэрыторыі. Пры наяўнасці зацверджанага ПДП на гэтую тэрыторыю адзіным аб'ектам, які мог быць вынесены на грамадскае абмеркаванне, з'яўляецца праект карэктавання ПДП, сцвярджаюць жыхары Сонечнага.

Таксама яны абвінавачваюць гарадскія ўлады ў парушэнні парадку грамадскіх абмеркаванняў. Так, са слоў жыхароў, паведамленне на дошках абвестак ля пад'ездаў жылых дамоў мікрараёна з'явілася толькі 28 чэрвеня пасля наведвання імі галоўнага архітэктара Магілёва. Сярод іншых парушэнняў парадку грамадскага абмеркавання жыхары называюць няпоўныя звесткі пра асноўныя тэхніка-эканамічных паказчыках праекта.

«Забудова тэрыторыі аб'ектамі, адсутнымі ў ПДП, а таксама правядзенне грамадскіх абмеркаванняў з грубымі парушэннямі патрабаванняў заканадаўства ў частцы падстаў і парадку іх правядзення перашкаджае рэалізацыі права фізічных асоб на спрыяльнае асяроддзе пражывання», - перакананыя жыхары Сонечнага.

«Месца, зарэзерваваныя пад садок, застаецца. Праектанты казалі, што, магчыма, там з басейнам будзе садок. Але там не ўсё будзе», - заявіў галоўны архітэктар Магілёва Уладзімір Скачак. Ён адзначыў, што кропку ў грамадскім абмеркаванні паставіць абласная горадабудаўнічая рада, якая, разгледзеўшы ўсе звароты грамадзян, прыме пастанову - быць у Сонечным ушчыльненню ці не.

«Пакуль ніхто нічога не будуе, ніхто нічога не праектуе. Калі нешта там будзе, потым, можа, будуць нейкія змены ў ПДП. Цяпер іх ніхто не ўносіць. І карэктаванне ПДП ідзе за кошт бюджэтных грошай», - сказаў галоўны архітэктар.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках