26 красавiка 2024, Пятніца, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фядыніч: Дзеля грошай МВФ пенсійны ўзрост зноў падвысяць

104
Фядыніч: Дзеля грошай МВФ пенсійны ўзрост зноў падвысяць

Улады гатовыя бяздумна выканаць усе ўмовы МВФ.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) рэкамендуе беларускім уладам працягнуць пенсійныя рэформы. Адна з прапаноў - павышэнне пенсіённага ўзросту да 65 гадоў: як для мужчын, так і для жанчын.

Ці развяжа гэта праблему напаўняльнасці пенсійнага фонду?

Паплыка: Пенсійную рэформу нельга правесці кавалерыйскім наскокам

Калі павысіць падаткі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, гэта пагражае зніжэннем канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў. Калі значна знізіць суму і без таго невысокіх пенсій, большасць пенсіянераў апынецца за мяжой беднасці. Выходзіць, адзінае выйсце - далейшае павышэнне ўзросту выхаду на пенсію?

- Так, можна яшчэ крыху пасунуць пенсійны ўзрост. Але гэта часовая мера. Праз некаторы час на выплату пенсій зноў не будзе ставаць сродкаў, - заявіў у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» эканаміст Уладзімір Паплыка.

Пытанне аб працягу рэформаў, на думку экспэрта, падымаецца, бо пенсійны фонд мае пэўны дэфіцыт сродкаў. Насельніцтва старэе, выплаты з кожным годам узрастаюць, эканоміка знаходзіцца не ў лепшым стане і напаўняльнасць пенсійнага фонду скарачаецца.

- Каб развязаць сітуацыю і зрабіць перадышку, кіраўніцтва краіны прыняло нядаўна пастанову аб паэтапным павелічэнні пенсійнага ўзросту да 63 гадоў для мужчын і да 58 гадоў для жанчын. Гэта дазваляе паменшыць выплаты і дэфіцыт пенсійнага фонду. Але галоўную праблему гэта не развязала, - адзначае экспэрт.

На яго думку, у Беларусі неабходна ўкараняць назапашвальныя механізмы, калі працаўнік будзе рэгулярна ўносіць на разліковы рахунак пэўную суму грошай, якія будуць захаваныя да яго выхаду на пенсію.

Зрэшты, запускаць назапашвальную сістэму можна толькі тады, калі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва будзе ў прафіцыце, бо гэты доўгатэрміновы праект можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі. Рэалізаваць ідэю назапашвальнай сістэмы атрымаецца толькі ў тым выпадку, калі эканоміка будзе стабільнай: доўгатэрміновыя назапашвання маюць сэнс толькі пры нізкай інфляцыі.

Для назапашвальнай сістэмы трэба будзе развіваць фінансавы і фондавы рынак. І гэта запатрабуе правядзення іншых эканамічных рэформаў.

- Рэформа пенсійнага забеспячэння належыць да ліку структурных. Яе нельга правесці кавалерыйскім наскокам. Раз МВФ прапаноўвае крэдыт, напэўна, уладам давядзецца ісці на нейкія крокі, - мяркуе Уладзімір Паплыка.

Фядыніч: Усе свае прамашкі і недахопы ўлады папаўняюць за кошт народа

Старшыня Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч уважае, што павялічваць пенсійны ўзрост не варта.

- Як не было такой неабходнасці і для павышэння да 58 і 63 гадоў. Улады, мяркуючы па ўсім, гатовыя бяздумна выканаць умовы МВФ, каб атрымаць крэдыт для часовага развязання праблем. А варта было б правесці маніторынг і высветліць, які адсотак насельніцтва не дажыў (не дажыве) да пенсіі пасля яе павышэння, - адзначае прафсаюзны лідар.

Ён звяртае ўвагу на тое, што пры цяперашніх коштах беларусы атрымліваюць сярэднюю пенсію крыху больш за 100 еўраў.

Эксперт мяркуе, што сярэдняя пенсія ў нашай краіне павінна быць у некалькі разоў вышэйшай.

- Трэба, каб пры выхадзе на заслужаны адпачынак беларус годна сябе адчуваў, а не думаў, як выжываць, - кажа старшыня РЭП.

З яго слоў, апошнім часам усе свае прамашкі і недахопы ўлады папаўняюць за кошт народа.

- Так і з пенсіямі: замест таго, каб накіраваць усе намаганні на ўдасканаленне работы эканомікі, яны думаюць аб павышэнні пенсійнага ўзросту, - падкрэслівае Генадзь Фядыніч.

Дарэчы, большасць пенсіянераў не ведаюць, як разлічваецца іх пенсія. Працоўны беларус, накіроўваючы ўласнаручна ў сістэму толькі 1% з 35% адлічэнняў з яго заробку, не задумваецца, куды і як гэтыя сродкі будуць выдаткаваныя. А той, хто задаецца гэтым пытаннем, не можа прасачыць шлях адлічэнняў ад яго кампаніі да размеркавальнай арганізацыі і далей.

Прыхаваная сістэма разлікаў, вялікая колькасць заканадаўчых актаў і бюракратыя не дазваляюць беларусу палічыць, на якую пенсію ён зможа разлічваць.

Напісаць каментар 104

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках