4 траўня 2024, Субота, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты: Візы трэба было скасаваць гадоў 15 таму

13
Экспэрты: Візы трэба было скасаваць гадоў 15 таму

Эканамічны эфект ад запозненай пастановы будзе нулявым.

9 студзеня Лукашэнка падпісаў указ №8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», згодна з якім для грамадзян 80 дзяржаў (у тым ліку для грамадзян 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвяз, ЗША, Японіі і іншыя краіны) пры ўездзе у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт на тэрмін не больш за 5 дзён віза не патрэбная.

На думку экспэртаў, гэта правільны, але вельмі запознены крок.

«Безумоўна, гэта правільны ўказ. Усякае дзеянне, накіраванае на зняцце міжнародных бар'ераў я ацэньваю станоўча. Іншая справа, што гэта павінна было быць зроблена яшчэ гадоў 15 таму. Сёння ж гэтая пастанова выглядае запозненай. Але ва ўсякім выпадку гэта крок у правільным кірунку», - распавёў «Беларускаму партызану» эканаміст Леў Марголін.

У старшыні Асацыяцыі еўрапейскага бізнэсу Марыны Бароўкі гэты ўказ таксама выклікаў змешаныя пачуцці.

«З аднаго боку, мы доўгія гады змагаліся за скасаванне візавага рэжыму і павінны б быць шчаслівыя, што гэта нарэшце адбылося. Таму што візы былі сур'ёзнай праблемай не толькі для людзей, якія толькі хацелі інвеставаць у Беларусь, але і для тых, хто ўжо сюды ўклаў грошы, пачаў будаваць турыстычныя і інфраструктурныя аб'екты, але быў чымсьці незадаволены, і праз бюракратычныя і візавыя складанасці не мог гэтыя пытанні ўрэгуляваць і ўжо гатовы быў сысці з Беларусі. З іншага боку ў мяне такое нядобрае адчуванне, што ёсць нейкі падвох у гэтым плане. Што толькі на скасаванні віз змены ў плане прыцягнення турыстаў і інвестыцый і скончыцца ўсё», - распавядае Бароўка.

Сам жа ўказ, пры гэтым, не пазбаўлены заганаў і дзівосаў.

«Як паказвае практыка, зацягнуць у Беларусь чалавека больш, чым на 5 дзён вельмі складана. Таму, тэрмін гэтага бязвізавага рэжыму - аптымальны. Але ёсць іншыя заганы. Першая - тое, што без візы можна трапіць у Беларусь толькі праз Нацыянальны аэрапорт. Цягніком ці аўтамабілем - патрэбная віза. Гэта вельмі дзіўна, бо цяжка ўявіць сабе, што літоўцы, якія ў нас займаюць, дарэчы, трэцяе месца ў аб'ёме інвестыцый, будуць ляцець у Менск з Вільні на самалёце. Другая незвычайная - тое, што бязвізавы рэжым не распаўсюджваецца на тых замежнікаў, якія прыляцелі ў Менск, а затым збіраюцца ляцець у Маскву ці Пецярбург. Толькі на тых, хто пасля Менска збіраецца ляцець за межы Мытнага саюза. Таму шанцы на тое, што замежнікі на некалькі дзён дарогай у Маскву, напрыклад, зазірнуць у Беларусь, значна памяншаюцца», - кажа Марголін.

На думку экспэртаў, станоўчы эфект ад бязвізавага рэжыму будзе толькі, калі ўлады паспяшаліся з далейшымі крокамі ў развіцці турызму.

«Скасаванне віз - толькі першы, нясмелы крок у кірунку ажыўлення ўнутранага турызму, які ў нас знаходзіцца, на жаль, у зачаткавым стане. Будзем спадзявацца, што за ім будуць зробленыя і іншыя крокі для паляпшэння інфраструктуры, паляпшэння якасці турыстычных паслуг, зніжэння коштаў (яны ў нас далёка не заўсёды адэкватныя) і г.д. Але ў традыцыі нашай улады сказаць «А», але не сказаць «Б», таму асаблівага аптымізму я не адчуваю», - мяркуе Леў Марголін.

«Бязвізавы рэжым - гэта добра, але каб гэта дало значны станоўчы эфект неабходныя далейшыя, хуткія і рашучыя дзеянні з боку дзяржавы і нашых суб'ектаў гаспадарання. Ці гатовыя ўлады да распрацоўкі стратэгіі з улікам меркаванняў усіх зацікаўленых бакоў? Ці змогуць нашы суб'екты гаспадарання змяніць сваю сістэму маркетынгу, палепшыць якасць сваіх паслуг? Усё гэта застаецца пад вялікім пытаннем. А без гэтага мала што зменіцца», - упэўненая Бароўка.

Чакаць сур'ёзнага павелічэння замежных інвестыцый у сувязі з увядзеннем бязвізавага рэжыму таксама не трэба, мяркуюць экспэрты.

«Для інвестараў галоўнае - не тое, патрэбныя ці не візы, а тое, які ў краіне інвестыцыйны клімат. Пакуль мае месца сітуацыя, калі сёння адны ўмовы гаспадарання, а заўтра прэзідэнт выпускае новы дэкрэт і яны цалкам мяняюцца, пакуль у вас у кожны момант улады могуць адабраць прыватызаванае прадпрыемства, пакуль судовая сістэма не абараняе ўласнікаў, бо яна падкантрольная ўладзе - інвестыцыі Беларусь не пойдуць», - упэўнены Леў Марголін.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках